Кіраўнік КНР Сі Цзіньпін падпісаў дырэктыву аб «неваенным» выкарыстаньні ўзброеных сіл.
Падпісаньне выклікае асьцярогі, што Пэкін можа рыхтавацца да ўварваньня на Тайвань пад выглядам «спэцыяльнай апэрацыі», якая не клясыфікуецца як вайна, перадае Radio Free Asia.
Указ уступае ў сілу 15 чэрвеня.
Як паведамляе агенцтва «Сіньхуа», сярод заяўленых мэтаў дакумэнту з шасьці разьдзелаў — «падтрыманьне нацыянальнага сувэрэнітэту, рэгіянальнай стабільнасьці, а таксама рэгуляваньне арганізацыі і правядзеньня мірных вайсковых апэрацый».
Паведамленьне зьявілася неўзабаве пасьля таго, як прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў сваім нядаўнім відэавыступе на форуме бясьпекі «Дыялёг Шангры-Ла» заклікаў да дыпляматычнага разьвязаньня пагрозы ваенных дзеяньняў у Тайваньскім праліве, піша Radio Free Asia.
Тайвань ніколі не кіраваўся Камуністычнай партыяй Кітаю і не ўваходзіў у склад Кітайскай Народнай Рэспублікі, але Пэкін настойвае, што востраў — частка яго тэрыторыі. Краіны Захаду і Японія лічаць, што Кітай можа скарыстаць расейскі сцэнар нападу на Ўкраіну для вырашэньня спрэчных пытаньняў з Тайванем.