Варшава купляе ў Сэулу 980 танкаў, больш за 600 самаходных гаўбіц і 48 навучальна-баявых самалётаў. Яны павінны замяніць узбраеньне, якое Польшча перадала Ўкраіне, і садзейнічаць значнаму ўмацаваньню польскіх узброеных сіл.
Польскі міністар абароны Марыюш Блашчак 27 ліпеня заявіў, што агульная цана ўгоды складае 14,5 мільярда даляраў. Неўзабаве Польшча атрымае ад Паўднёвай Карэі 180 танкаў мадэлі К2 «Чорная пантэра», астатнія ж машыны потым павінны зьбірацца на польскіх заводах паводле паўднёвакарэйскай ліцэнзіі.
К2 — сучасны паўднёвакарэйскі баявы танк, прыняты на ўзбраеньне ў 2014 годзе і, станам на лета 2022-га, пакуль застаецца адзіным танкам у сьвеце чацьвёртага пакаленьня, які ўжо нясе службу непасрэдна ў войсках. Гэта таксама самы дарагі ў сьвеце танк — кошт адной «Чорнай пантэры» ацэньваецца на гэты момант у 8,5 мільёна даляраў за адну машыну. К2 быў створаны паўднёвакарэйскім Агенцтвам абаронных распрацовак (Agency for Defense Development, ADD) і кампаніяй Rotem (падразьдзяленьне Hyundai Motors).
Таксама Варшава атрымае ад Сэулу 600 сучасных паўднёвакарэйскіх 155-мілімэтровых самаходных гаўбіц K9 Thunder («Пярун») з ужо ўбудаванай польскай сыстэмай сувязі і інтэграваных у сыстэму баявога кіраваньня Topaz узброеных сіл Польшчы.
Купляе Польшча і 48 двухмесных звышгукавых вучэбна-баявых рэактыўных самалётаў 50 Golden Eagle («Бэркут») сумеснай паўднёвакарэйска-амэрыканскай распрацоўкі. Яны таксама будуць ужо абсталяваныя сыстэмай распазнаньня «свой-чужы» стандарту NATO.
Марыюш Блашчак ужо некалькі разоў заяўляў, што Польшча мае намер стварыць самае магутнае сухапутнае войска сярод эўрапейскіх краін – сяброў NATO: яго колькасьць будзе павялічаная зь цяперашніх 150 тысяч чалавек да 300 тысяч, а потым, магчыма, і да 400 тысяч. Галоўная, калі не адзіная прычына такога рашэньня, паводле яго — уварваньне Расеі ў суседнюю з Польшчай Украіну.
«Польскае войска павінна быць такім моцным і шматлікім, каб самім сваім існаваньнем выклікаць страх агрэсара. Крэмль не нападае на моцных — ён нападае, калі бачыць слабасьць», — сказаў Блашчак.
Калі цяпер выдаткі Польшчы на абарону складаюць 2,4% ВУП краіны, то налета гэтая лічба складзе ўжо 3 адсоткі, а ў будучыні можа дасягнуць 5 адсоткаў.
Сучасная польская вайсковая прамысловасьць можа вырабляць і ўласныя цяжкія ўзбраеньні, напрыклад асноўны баявы танк PT-91 Twardy («Цьвёрды»), заснаваны на ліцэнзійным варыянце савецкага Т-72М1, але з больш магутнымі рухавіком і сыстэмай навядзеньня агню. Партыю менавіта гэтых танкаў Варшава перадала за апошні месяц Кіеву (дакладная колькасьць перададзеных машын трымаецца ў сакрэце).
«Недахоп у аснашчэньні УСУ танкамі будзе запоўнены цалкам, і нават з падвойнай сілай, таму што гэта танкі значна больш высокага ўзроўню», — сказаў на днях сьпікер Агенцтва ўзбраеньняў Міністэрства абароны Польшчы Кшыштаф Платэк.
Агулам з пачатку вайны Ўкраіна атрымала ад Польшчы каля 500 танкаў. Пры гэтым самі польскія вайскоўцы занепакоеныя станам уласных узбраеньняў. У канцы ліпеня намесьнік міністра замежных спраў Польшчы Шымон Шынкоўскі заявіў, што краіна не атрымлівае абяцанае ёй нямецкае ўзбраеньне.
«Абяцаньні Нямеччыны даць танкі ў абмен аказаліся падманнымі манэўрамі. Нам прапанавалі сымбалічную колькасьць танкаў. Цяжка ўспрыняць гэта як сур’ёзную прапанову пасьля таго, як мы перадалі звыш 200 танкаў Украіне за два месяцы», — адзначыў Шынкоўскі.
Бэрлін абвінавачаньні ў невыкананьні ім дамоўленасьцяў з Варшавай адхіліў, хоць і прызнаў, што правілы «кругавога абмену» ўнутры NATO не працуюць як сьлед і сыстэму трэба ўдасканаліць.
«У падобнай сытуацыі ніхто ня будзе падманваць сваіх эўрапейскіх суседзяў. З самага пачатку было зразумела, што мы ня зможам замяніць усе танкі ў адну ноч», — сказала міністар замежных спраў Нямеччыны Анналена Бэрбак.
Але і ў самой Нямеччыне чуюцца галасы крытыкі фэдэральнага ўраду за нерашучасьць і прамаруджваньне з пастаўкамі зброі як Украіне, так і ўсходнеэўрапейскім краінам NATO.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.