Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, у чым вінавацяць лідэра польскай меншасьці Пачобута, якога ўжо 16 месяцаў трымаюць у СІЗА


Анджэй Пачобут. Архіўнае фота
Анджэй Пачобут. Архіўнае фота

Сам палітвязень напісаў, што гаворка ідзе пра некалькі «кур’ёзных абвінавачаньняў, якія фігуруюць у крымінальнай справе, падрыхтаванай рэжымам».

Польскае выданьне Rzeczpospolita атрымала інфармацыю аб тым, у чым вінавацяць аднаго зь лідэраў польскай меншасьці, журналіста Анджэя Пачобута.

Палітзьняволенаму Анджэю Пачобуту самому ўдалося перадаць гэтую інфармацыю з-за кратаў.

«Пракуроры дыктатара палічылі, у прыватнасьці, выказваньні Пачобута аб савецкай агрэсіі супраць Польшчы 17 верасьня 1939 году „распальваньнем нацыянальнай варожасьці“. Паколькі, паводле прапаганды Лукашэнкі і Крамля, менавіта тады адбылося „вызваленьне ўкраінскага і беларускага народаў, прыгнечаных Польшчай“», — піша выданьне.

Таксама паведамляецца, што яшчэ адным «абсурдным доказам», які нібыта пацьвярджае абвінавачаньні ў адрас журналіста, зьяўляюцца ягоныя выказваньні ў абарону польскай сыстэмы адукацыі ў Беларусі, якая гадамі разбуралася рэжымам Лукашэнкі.

«У справе фігураваў і адзін з артыкулаў Пачобута ў Gazeta Wyborcza, у якім ён паведамляў пра жорсткае задушэньне поствыбарных пратэстаў сілавікамі ў ноч з 9 на 10 жніўня 2020 году. Абвінаваўцы рэжыму таксама ўгледзелі „распальваньне нянавісьці“ ў заявах і інтэрвію Пачобута, якія ён даў польскім СМІ. Да справы таксама прыклалі і артыкул у Magazyn Polski, які ён напісаў у 2006 годзе і прысьвяціў Анатолю Радзівоніку („Алех“), аднаму з камандзіраў польскага антыкамуністычнага і вызваленчага падпольля ў Горадзенскай вобласьці», — адзначае «Rzeczpospolita».

Нядаўна стала вядома, што Анджэю Пачобуту, які ўжо 16 месяцаў знаходзіцца за кратамі, чарговы раз падоўжылі тэрмін утрыманьня пад вартай яшчэ на 2 месяцы. Пра гэта паведаміла жонка палітвязьня Аксана Пачобут.

«16 месяцаў!!! За гэты час наш сын перагнаў па росьце бабулю зь дзядулем. З сынам не дазволена перапіска, бо Андрэй зь ягонага нараджэньня мае зносіны зь ім на польскай мове. Ён піша скаргі, якія адміністрацыя нават не выпускае зь СІЗА.

У лістах піша, што не журыцца, чытае кнігі і гатовы да горшага разьвіцьця падзей. Перадае прывітаньне ўсім знаёмым і незнаёмым людзям і дзякуе ўсім, хто, нягледзячы ні на што, працягвае пісаць...» — паведаміла Аксана ў фэйсбуку.

Паводле афіцыйных зьвестак, сьледзтва ў дачыненьні да Анджэя Пачобута павінна было скончыцца 25 ліпеня.

Журналіста Анджэя Пачобута, прадстаўніка незалежнага Саюзу палякаў у Беларусі, арыштавалі 25 сакавіка 2021 году. Беларускія ўлады абвінавачваюць яго ў «распальваньні нацыянальнай варожасьці» і «рэабілітацыі нацызму». Такія ж абвінавачаньні былі выстаўленыя яшчэ чатыром актывістам Саюзу палякаў, у тым ліку старшыні арганізацыі Анжаліцы Борыс. Усім ім пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі. Зь пяці абвінавачаных у «справе палякаў» сёньня за кратамі застаецца толькі Анджэй Пачобут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG