Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцдакладчык ААН пра мігрантаў у лягістычным цэнтры ў Брузгах: «Яны дэ-факта ўтрымліваліся пад вартай»


Мігрант зь дзіцем побач зь беларускімі вайскоўцамі каля транспартна-лягістычнага цэнтру недалёка ад беларуска-польскай мяжы ў Горадзенскай вобласьці, Беларусь, 19 лістапада 2021 году
Мігрант зь дзіцем побач зь беларускімі вайскоўцамі каля транспартна-лягістычнага цэнтру недалёка ад беларуска-польскай мяжы ў Горадзенскай вобласьці, Беларусь, 19 лістапада 2021 году

Спэцдакладчык ААН Фэліпэ Гансалес Маралес апублікаваў заяву па выніках свайго візыту ў Польшчу і Беларусь з мэтай ацэнкі сытуацыі зь мігрантамі і ўцекачамі. У дакумэнце, апублікаваным на сайце Офіса вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, зьмяшчаецца крытыка ў адрас абедзьвюх краін.

У заяве, сярод іншага, спэцдакладчык ААН па пытаньні аб правах мігрантаў Фэліпэ Гансалес Маралес адзначае: нягледзячы на тое, што беларускі бок неаднаразова сьцьвярджаў, што зьяўленьне на мяжы каля 2500 мігрантаў было для краіны нечаканасьцю, яму не былі прадстаўленыя пераканаўчыя доказы таго, што становішча мігрантаў на мяжы ня ёсьць у значнай ступені вынік шэрагу наўмысных дзеяньняў беларускіх уладаў.

У прыватнасьці, Фэліпэ Гансалес Маралес адзначае, што ў 2021 годзе ў кароткія тэрміны былі спрошчаны працэдуры атрыманьня турыстычнай візы для грамадзян Іраку, афармляліся групавыя візы.

Гансалес падкрэсьліў, што «пасьля заканчэньня тэрміну дзеяньня 30-дзённай турыстычнай візы большасьці мігрантаў, якія схаваліся ў ТЛЦ, не дазвалялася пакідаць аб’ект, акрамя як у напрамку Польшчы».

Выключэньні рабіліся для тых, хто «пагадзіўся вярнуцца ў свае краіны паходжаньня, або быў прыняты для ўзьяднаньня сямʼі ў трэцяй краіне, або падаў прашэньне аб атрыманьні прытулку ў Беларусі, што здавалася непрывабным варыянтам».

На думку Фэліпэ Гансалеса Маралеса, знаходжаньне мігрантаў у ТЛЦ было блізкім да ўтрыманьня пад вартай.

«Мяне асабліва непакоіць тое, што мігранты, у тым ліку жанчыны, цяжарныя жанчыны і дзеці, дэ-факта ўтрымліваліся пад вартай у ТЛЦ ад некалькіх тыдняў да некалькіх месяцаў. У многіх зь іх не было дома, куды можна было б вярнуцца, і не засталося грошай», — напісана ў заяве.

Спэцдакладчык таксама выказаў занепакоенасьць зьменамі ў заканадаўства Польшчы, якія дазваляюць памежнікам выдвараць мігрантаў.

У заяве таксама адзначаюцца факты гвалту ў дачыненьні да мігрантаў з боку як польскіх, так і беларускіх памежнікаў. Спэцдакладчык нагадаў, што беларускія ўлады задакумэнтавалі чатыры выпадкі гібелі мігрантаў на мяжы, польскі бок расьсьледуе 10 сьмяротных выпадкаў.

Фэліпэ Гансалес Маралес заклікаў абедзьве краіны супрацоўнічаць у такіх расьсьледаваньнях. Ён таксама лічыць, што колькасьць загінулых можа быць большая.

«Згодна з адкрытымі крыніцамі, у 2021 годзе ў лесе загінула ня менш за 19 мігрантаў, многія да гэтага часу застаюцца зьніклымі бязь вестак. Становішча мігрантаў на мяжы адлюстроўвае геапалітычны крызіс у рэгіёне. Мігрантаў нельга выкарыстоўваць ці прыносіць у ахвяру», — заявіў спэцдакладчык.

Ён скрытыкаваў і польскую ініцыятыву збудаваць плот.

«Я баюся, што ўсталяваньне плота не ўтрымае людзей ад спроб перасячы мяжу, а проста павысіць узровень небясьпекі і патэнцыйна пагоршыць гуманітарнае становішча мігрантаў, якія затрымаліся паміж дзьвюма межамі», — падкрэсьліў Фэліпе Гансалес Маралес.

Ён заклікаў Польшчу перагледзець сваё заканадаўства і забясьпечыць мігрантам доступ да працэдур прытулку. Таксама ён заклікаў абедзьве краіны даць грамадзянскай супольнасьці поўны доступ да памежнай зоны.

У дакумэнце таксама зьмяшчаецца ацэнка намаганьняў беларускіх і польскіх уладаў па прыёме ўцекачоў з Украіны. Спэцдакладчык адзначыў намаганьні польскага ўраду, але таксама акцэнтаваў увагу на тым, што ўсе ўцекачы павінны мець роўны доступ да такой дапамогі.

«Нават тыя, хто ўцякаў ад той жа вайны, хоць усе яны былі дапушчаныя да ўезду ў Польшчу і атрымалі дапамогу ад дзяржавы, грамадзяне трэціх краін не абароненыя той жа прававой базай. Людзі з асаблівай уразьлівасьцю, у тым ліку з неўрэгуляваным міграцыйным статусам, сутыкаюцца з павышанымі цяжкасьцямі ў атрыманьні віду на жыхарства і належнага жыльля. Я з занепакоенасьцю адзначаю, што гэты падвойны стандарт прывёў да ўзьнікненьня пачуцьця дыскрымінацыі сярод грамадзян трэціх краін», — заявіў Гансалес Маралес.

Мігранцкі крызіс — 2021. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
  • На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
  • На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
  • За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.
  • Шараговец 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады Матэвуш Сітэк, паранены нажом 28 траўня 2024 году на мяжы зь Беларусьсю, памёр 6 чэрвеня ў Варшаве. Раненьне вайсковец атрымаў падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку. Калі салдат блякаваў пралом у сталёвай агароджы на мяжы з дапамогай ахоўнага шчыта, мігрант, прасунуўшы руку праз плот, нанёс яму ўдар нажом, прывязаным да палкі, у грудзі. Нож затрымаўся ў целе жаўнера. У бок пацярпелага і памежніка, які дапамагаў яму, кідалі палкі і камяні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG