Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генштаб Украіны: Расея страціла ў вайне больш за 40 тысяч сваіх вайскоўцаў


Зьнішчаная расейская ваенная тэхніка ў Харкаўскай вобласьці, Украіна. 17 ліпеня 2022 года
Зьнішчаная расейская ваенная тэхніка ў Харкаўскай вобласьці, Украіна. 17 ліпеня 2022 года

Расея з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну страціла каля 40 070 сваіх вайскоўцаў, паведаміў Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны раніцай 27 ліпеня.

Паводле паведамленьня, за апошнія суткі загінулі каля 200 расейскіх салдатаў, найбольшыя страты армія Расеі панесла на Крывароскім кірунку.

Акрамя таго, у поўнамаштабнай вайне супраць Украіны Расея, па дадзеных Генштабу, страціла:

  • 1738 танкаў (адзін зьнішчаны за апошнія 24 гадзіны)
  • 3971 баявую браняваную машыну (+12)
  • 883 артылерыйскія сыстэмы (+3)
  • 258 РСЗА
  • 117 сродкаў СПА
  • 222 самалёты
  • 190 верталётаў (+1)
  • 726 БПЛА апэратыўна-тактычнага ўзроўню (+4)
  • 174 крылатыя ракеты
  • 15 караблёў/катэраў
  • 2847 адзінак аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў (+12)
  • 75 адзінак спэцыяльнай тэхнікі.

РФ спрабуе набраць наймітаў зь ліку грамадзян краін Цэнтральнай Азіі, зьняволеных і з аддаленых рэгіёнаў, гавораць у выведцы.

На мінулым тыдні высокапастаўлены прадстаўнік абароннага ведамства ЗША заявіў, што Расея штодня нясе сотні страт у поўнамаштабнай вайне ва Ўкраіне і страціла тысячы лейтэнантаў і капітанаў, а таксама сотні палкоўнікаў і «шмат» расейскіх генэралаў.

Дырэктар ЦРУ Ўільям Бэрнс 20 ліпеня заявіў, што, паводле ацэнак Злучаных Штатаў, страты расейскіх сіл ва Ўкраіне пасьля амаль пяці месяцаў вайны дасягнулі каля 15 тысяч забітых і, верагодна, 45 тысяч параненых, дадаўшы, што ўкраінскія ўзброеныя сілы таксама панесьлі значныя страты.

9 чэрвеня выданьне The Guardian са спасылкай на крыніцу ў высокапастаўленых колах паведаміла, што расейская армія з пачатку маштабнага ўварваньня ва Ўкраіну магла страціць каля 20 тысяч вайскоўцаў.

Масква аб сваіх стратах у вайне супраць Украіны ў апошні час не паведамляе. 25 сакавіка толькі другі раз з пачатку маштабнага ўварваньня расейскі бок апублікаваў дадзеныя аб стратах расейскіх войскаў, паводле якіх 1351 расейскі вайсковец загінуў, 3825 — атрымалі раненьні.

Праверыць дадзеныя аб стратах ва ўмовах баявых дзеяньняў немагчыма.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG