Пэдагагічныя спэцыяльнасьці
Сёлета на тэхнічных спэцыяльнасьцях некаторых пэдагагічных ВНУ пакуль недабор. Гэта значыць, могуць узяць студэнтаў нават з самымі нізкімі баламі, хто толькі падаў дакумэнты.
Напрыклад, на спэцыяльнасьць «фізыка і інфарматыка» Пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка пры наборы 36 чалавек дакумэнты падалі толькі 32 чалавекі. Самы нізкі бал абітурыента — у дыяпазоне 151–155. Гэта значыць, тэставаньне па неабходных прадметах можна было здаць на 38 балаў са 100.
У Берасьцейскім унівэрсытэце імя Пушкіна на спэцыяльнасьць «фізыка і інфарматыка» на 22 месцы падаліся 22 чалавекі. Гэта значыць, залічыць могуць усіх. Самы нізкі бал у абітурыента з трох тэстаў і атэстата — у дыяпазоне 135–139 з 400 магчымых. То бок профільную матэматыку і фізыку можна здаць на 20 балаў са 100 і паступіць (20 балаў — неабходны парогавы бал для паступленьня па гэтых прадметах).
У Горадзенскім унівэрсытэце імя Янкі Купалы таксама недабор на некаторыя пэдагагічныя спэцыяльнасьці. Пры пляне набору ў 20 месцаў на спэцыяльнасьць «Матэматыка (навукова-выкладчыцкая дзейнасьць)» падаліся 17 абітурыентаў. Зь іх 6 паступаюць па мэтавым накіраваньні, то бок па-за конкурсам. Самы нізкі бал з трох тэстаў і атэстату тут 180.
Вайсковыя і міліцэйскія спэцыяльнасьці
На некаторыя спэцыяльнасьці ў Вайсковай акадэміі сёлета недабор. 5 абітурыентаў пакуль не далічыліся на факультэце сувязі, 14 — паветранай абароны, 4 чалавек недабралі на авіяцыйны факультэт, 4 — на факультэт ракетных войскаў і артылерыі. Напрыклад, на авіяцыйны факультэт падаваліся нават з баламі 121–125 з 400 магчымых, і пры яўным недаборы гэтыя абітурыенты паступяць.
У Акадэміі МУС на 26 ліпеня на факультэце міліцыі грамадзкай бясьпекі на «правазнаўства» пры пляне прыёму 145 чалавек падаліся толькі 56 — у 2,5 раза менш, чым меркавалі набраць.
Два абітурыенты маюць да 145 балаў з трох тэстаў і атэстату. На факультэце крымінальнай міліцыі на ўсіх спэцыяльнасьцях — конкурс, але ёсьць і абітурыенты з баламі да 140 з 400 магчымых.
На сьледча-экспэртным факультэце таксама конкурс на ўсе спэцыяльнасьці, але тут ёсьць абітурыенты з баламі, ніжэйшымі за 130.
А што зь беларускімі гуманітарнымі спэцыяльнасьцямі?
На гістарычным факультэце БДУ на 97 месцаў 114 абітурыентаў. Ёсьць абітурыенты з высокімі баламі — да 390 з 400 магчымых. Аднак падаюцца і з баламі, ніжэйшымі за 125 (такі абітурыент толькі адзін, і ён, хутчэй за ўсё, не паступіць, бо на гэтай спэцыяльнасьці ёсьць конкурс).
У БДПУ на спэцыяльнасьць «Беларуская мова і літаратура. Замежная мова» на 20 месцаў падаліся 20 абітурыентаў, то бок могуць узяць усіх. Самыя нізкія балы ў абітурыентаў — 190.
У Горадзенскім унівэрсытэце на ўсе спэцыяльнасьці, зьвязаныя з гісторыяй і беларускай мовай, склаўся конкурс. Такая ж сытуацыя зь беларускімі філялягічнымі спэцыяльнасьцямі і ў Гомельскім унівэрсытэце імя Францыска Скарыны.
- Прыём дакумэнтаў на бюджэт працягваецца да 3 жніўня.