Ад 1991 году да ініцыяванага Аляксандрам Лукашэнкам рэфэрэндуму 1996 году 27 ліпеня ў Беларусі адзначалася як Дзень Незалежнасьці.
Што варта ведаць пра гэты дзень. Сьцісла
- БССР зьяўлялася сувэрэннай дзяржавай паводле арт. 68 і 69 Канстытуцыі БССР 1978 году, але Беларускі Народны Фронт патрабаваў абвяшчэньня поўнай палітычнай незалежнасьці і выхаду з СССР. Гэтую ідэю не падтрымала камуністычная дэпутацкая большасьць.
- 12 чэрвеня 1990 году Дэклярацыю аб сувэрэнітэце прыняў Вярхоўны Савет РСФСР, старшынём якога быў Барыс Ельцын. На той момант Ельцын палітычна змагаўся з прэзыдэнтам СССР Міхаілам Гарбачовым, і каб зьнівэляваць «эфэкт Ельцына», Гарбачоў прапанаваў іншым рэспублікам прыняць дэклярацыі — але фармальныя, бяз выхаду з СССР, пра які раней заявілі Літва, Латвія і Эстонія.
- Прыняцьце Дэклярацыі 27 ліпеня 1990 году Вярхоўным Саветам БССР было вынікам таго, што супалі інтарэсы розных групаў і асобаў. БНФ на чале зь Зянонам Пазьняком бачыў гэта як этап да сапраўднай незалежнасьці з выхадам з СССР. Значная частка астатніх дэпутатаў (прадстаўнікоў кіраўнічай партыйнай і гаспадарчай эліты) спадзявалася атрымаць большыя правы. Нарэшце, Міхаіл Гарбачоў імкнуўся аслабіць кіраўніка Расеі Ельцына.
- Камуністычныя дэпутаты выкрасьлілі з праекту БНФ усё, што гарантавала сапраўдную незалежнасьць, і прынялі Дэклярацыю ў такім выглядзе, што Васіль Быкаў ацаніў яе як фармальнасьць, якая «наўрад ці каго можа ўзрушыць». Аднак Дэклярацыя заклала падмурак для абвяшчэньня 25 жніўня 1991 году незалежнасьці Беларусі.