На Цярнопальшчыне на 98-м годзе жыцьця памерла вядомая сувязная і мэдсястра Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН), дысыдэнтка, удзельніца Нарыльскага паўстаньня Ванда Гарчынская «Домовина». Пра гэта ў сацсетках паведамілі яе ўнукі Тарас Дзямчук і Раман Васылік.
Ванда Дзямчук (Гарчынская) нарадзілася 5 ліпеня 1924 году ў горадзе Капычынцы Цярнопальскай вобласьці. У 18 гадоў стала членам АУН, мела псэўданім «Домовина». Пасьля няўдалага замаху на афіцэра НКУС перайшла ў падпольле. Працавала сувязной, машыністкай, мэдсястрой Капычынецкага надраённага Чырвонага Крыжа Ўкраіны, а таксама намесьніцай начальніка мэдыцынскай службы.
У 1946 годзе як арыштавалі савецкія ўлады і асудзілі на 15 гадоў катаргі. Ванда адбывала пакараньне ў лягерах Дудзінкі, Нарыльску, Тайшэту і Мардовіі, была ўдзельніцай Нарыльскага паўстаньня.
Пра жыцьцё вядомай дзяячкі АУН зьнялі фільм «Зв’язкова. Домовина».
Муж Ванды — Раман Дзямчук — правёў 25 гадоў у лягеры ў Комі за антысавецкую дзейнасьць ва ўкраінскіх арганізацыях. У іх было двое дзяцей. Толькі ў 1976 годзе пара здолела вярнуцца на радзіму. Муж Гарчынскай памёр у 2013 годзе.
У 2018 годзе Ванду Гарчынскую ўзнагародзілі Ордэнам княгіні Вольгі III ступені.