Такое рашэньне ЗША можа сур’ёзна ўзмацніць рэжым санкцый, што, на думку некаторых экспэртаў, не зьяўляецца разумным, піша «Голас Амэрыкі».
Ад адміністрацыі Джо Байдэна ўсё настойлівей патрабуюць афіцыйна прызнаць Расею дзяржавай – спонсарам тэрарызму.
Паводле выданьня Politico, на гэтым тыдні сьпікерка Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі заявіла дзяржсакратару Энтані Блінкену, што, калі ён не скарыстаецца паўнамоцтвамі, якія яму дэлегаваў Кангрэс, і ня прыме такога рашэньня, заканадаўцы зробяць гэта самі.
Расея ўжо знаходзіцца пад моцнымі санкцыямі, уведзенымі ЗША і шэрагам іншых краін, але афіцыйнае прызнаньне дзяржавай – спонсарам тэрарызму ў некаторых аспэктах сурʼёзна павысіць стаўкі.
У той час як міжнародныя кампанэнты цяперашніх санкцый старанна каардынаваліся, прызнаньне Расеі дзяржавай-спонсарам тэрарызму можа запусьціць больш жорсткі рэжым пакараньняў, якія могуць быць прыменены да бакоў з трэціх краін за вядзеньне бізнэсу з расейскімі фізычнымі і юрыдычнымі асобамі.
Акрамя таго, такое прызнаньне прывядзе да адмены сувэрэннага імунітэту Расеі ў ЗША, што дазволіць амэрыканцам, якія пацярпелі ад вайны ва Ўкраіне, падаваць грамадзянскія пазовы да расейскіх уладаў у амэрыканскіх судах.
Пэлосі не першая, хто заклікае адміністрацыю да такога кроку. Раней у гэтым месяцы рэспубліканскі сэнатар Ліндсі Грэм і яго калега-дэмакрат Рычард Блумэнталь пабывалі ў Кіеве, дзе расказалі пра законапраект, прадстаўлены імі ў траўні. Законапраект прадугледжвае афіцыйнае прысваеньне Расеі статусу дзяржавы-спонсара тэрарызму.
Аднак адміністрацыя Байдэна, здаецца, ня хоча ісьці на гэты крок. Раней прадстаўнік Дзярждэпартамэнту заяўляў, што дзейнага рэжыму санкцый дастаткова для дасягненьня мэтаў адміністрацыі.
Акрамя таго, прысваеньне статусу дзяржавы-спонсара тэрарызму пацягне другасныя санкцыі, якія ЗША павінны будуць уводзіць супраць фізычных асоб і краін па-за межамі ЗША, якія вядуць бізнэс з Расеяй.
Такі статус можа ўскладніць намаганьні па фармаваньні шырокай кааліцыі краін, якія аказваюць ціск на Расею, каб тая спыніла сваю агрэсію ва Ўкраіне.
Інгрыд Брунк Вюрт з Вандэрбільдзкай школы права згодная з тым, што санкцыі, якія выкліча прызнаньне Расеі дзяржавай-спонсарам тэрарызму, могуць быць шырэйшымі, чым гэта неабходна для пакараньня Крамля.
«Расея і так знаходзіцца пад вялізным ціскам амэрыканскіх санкцый», — кажа яна.
Акрамя таго, Вюрт сказала, што яе асабліва непакояць наступствы падачы грамадзянскіх пазоваў супраць Расеі амэрыканцамі.
Тэарэтычна, амэрыканскія пазоўнікі змогуць патрабаваць ад Расеі кампэнсацыі шкоды, якая можа выплачвацца з расейскіх актываў, цяпер замарожаных у амэрыканскіх фінансавых інстытутах.
«Калі мы аддамо гэтыя грошы амэрыканскім пазоўнікам, мы ня зможам выкарыстоўваць іх як козыр на перамовах з Расеяй», — сказала Вюрт.