Хар’юскі павятовы суд прызначыў Шылаву год турмы, але ў зьняволеньні ён правядзе чатыры месяцы — астатнія восем будуць умоўнымі з чатырохгадовым выпрабавальным тэрмінам.
Нараўне з Шылавым прысуд вынесьлі двум мужчынам, якія яму дапамагалі: Ільля і Руслан Галямбоўскія ахвяравалі грошы на куплю дронаў, абодвух асудзілі на пяць месяцаў турмы ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам год і восем месяцаў.
Уладзіміра Шылава арыштавалі 28 траўня на мяжы, калі ён перавозіў у Расею тры дроны, якія плянаваў адправіць расейскай арміі, якая ваюе ва Ўкраіне. Грошы на дроны ён зьбіраў у сацыяльнай сетцы «УКантакце» — там на яго падпісаныя 3300 чалавек. Цяпер яны зьбіраюць яму грошы на адваката.
Шылаву пагражала да пяці гадоў турмы. Пракуратура Эстоніі палічыла набыцьцё дронаў «удзелам або падтрымкай акту агрэсіі замежнай дзяржавы».
Пасьля 24 лютага ня толькі Ўкраіна, але і некаторыя іншыя краіны крыміналізавалі падтрымку расейскага ўварваньня ва Украіну.
- У Эстоніі ўнесьлі папраўкі ў Пэнітэнцыярны кодэкс, якія прадугледжваюць адміністрацыйную адказнасьць за публічную дэманстрацыю расейскай сымболікі і крымінальнае пакараньне за ўдзел у вайне з Украінай на баку Расеі.
- У Латвіі Сойм зацьвердзіў штрафы за публічную дэманстрацыю расейскай ваеннай сымболікі: за літары Z і V фізычная асоба заплаціць да €350, юрыдычная — да €2,9 тысячы. Пры гэтым у Латвіі існуе крымінальны артыкул «аб публічным апраўданьні і гераізацыі ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць міру» — чым прызнаная і расейская агрэсія ва Ўкраіне. Крымінальныя справы паводле гэтага артыкулу заводзяць даволі актыўна — ужо к 1 красавіка іх было 14. За падтрымку Расеі ў вайне супраць Украіны арыштавалі, напрыклад, блогера Кірыла Фёдарава і адміністратара групы «Крымінальная Латвія» у Facebook Юрыя Міхайлава.
- У Літве агрэсію Расіі супраць Украіны прыраўнялі да «публічнага ўхваленьня міжнародных злачынстваў» — артыкул 170 Крымінальнага кодэксу Літоўскай Рэспублікі да гэтага часу распаўсюджваўся на адабрэньне, адмаўленьне або прымяншэньне злачынстваў, учыненых СССР або нацысцкай Нямеччынай супраць Літоўскай Рэспублікі або яе жыхароў. Пасьля 24 лютага артыкул Крымінальнага кодэксу дапоўнілі адпаведнай рэзалюцыяй.
- Крыміналізаваныя выступы ў падтрымку расейскай агрэсіі ва Ўкраіне таксама і ў Чэхіі — за гэта можа пагражаць да трох гадоў пазбаўленьня волі. Генэральная пракуратура і паліцыя папярэдзілі, што будуць зьвяраць такія выступленьні з двума крымінальнымі артыкуламі — «ухваленьне ўчыненага крымінальнага злачынства» або «адмаўленьне, адабрэньне, апраўданьне генацыду».
- У Малдове ўвялі штрафы за нашэньне «георгіеўскай» стужкі і дэманстрацыю сымбаляў Z і V. «Тыя, хто сёньня апраўдвае забойствы ўкраінцаў, заўтра ці нават сёньня могуць запатрабаваць забойства малдаванаў», — заявіла прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду.