Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз забараніў увозіць золата з Расеі і замарозіў актывы расейскага банку «Сбербанк»


Эўразьвяз у сераду зацьвердзіў чарговы, сёмы пакет санкцый у дачыненьні да Расеі ў сувязі з яе ўварваньнем ва Украіну. Санкцыйны сьпіс будзе апублікаваны ў чацьвер.

Абмежаваньні забараняюць экспарт золата і ювэлірных вырабаў зь яго з Расеі і блякуюць эўрапейскія актывы расейскага банку «Сбербанк».

Санкцыі таксама прадугледжваюць новыя меры экспартнага кантролю і абмежаваньні супраць больш як 50 юрыдычных і фізычных асобаў. Як паведамлялася раней, у сьпіс, у прыватнасьці, патрапяць акторы Сяргей Бязрукаў і Ўладзімір Машкоў, а таксама мэр Масквы Сяргей Сабянін. Поўны сьпіс абмежаваньняў і асобаў, супраць якіх яны ўводзяцца, будзе апублікаваны 21 ліпеня. У ЭЗ гэты пакет часам называюць не «сёмым», а «шэсьць плюс», таму што ў ім адносна няшмат новых санкцый.

Амаль усё расейскае золата здабываецца ў Сыбіры. Больш за ўсё — у Краснаярскім краі (59 тон за год), Магаданскай вобласьці (52 тоны) і Якуціі (40 тон). У цэлым на Расею прыпадае 9% сусьветнай здабычы золата, летась яна экспартавала амаль усё здабытае за мяжу (302 тоны з 346). Пераважна золата вывозілі ў Вялікабрытанію, якая разам з ЗША, Канадай і Японіяй забараніла ўвоз каштоўнага мэталу ў канцы чэрвеня.

З лютага ў Расеі засакрэцілі дадзеныя аб экспарце золата, але паводле зьвестак Асацыяцыі нетракарыстальнікаў Магаданскай вобласьці, экспарт практычна спыніўся ў сакавіку-красавіку бягучага году.

Папярэдні, шосты пакет прадугледжваў забарону на ўвоз нафты з Расеі марскім шляхам з 5 сьнежня 2022 году. Чакаецца, што ў выніку эўрапейскі імпарт нафты з Расеі скароціцца прыкладна на 90 працэнтаў. ЗША забаранілі імпарт нафты, газу і вугалю з Расеі ў пачатку сакавіка 2022 года.

Пры гэтым ніводны пакет санкцый ЭЗ не прадугледжвае эмбарга на расейскі газ. Па словах прэм’ер-міністра Чэхіі Пэтра Фіялы, гэта зьвязана з тым, што шэраг краінаў ЭЗ моцна залежаць ад расейскага газу. Паводле яго, праблематычна ўводзіць абмежаваньні на імпарт энэрганосьбітаў, бо «неабходна прытрымлівацца правіла, згодна зь якім санкцыі павінны аказваць большы ўплыў на Расею, чым на краіны, якія ўводзяць санкцыі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG