Гэтую прапанову ўкраінскага прэзыдэнта зарэгістравалі ў апараце парлямэнту 18 ліпеня. Баканаў не прыстунічаў пад час разгляду ў парлямэнце прапановы прэзыдэнта Ўкраіны.
За дзень да гэтага Ўладзімір Зяленскі адхіліў яго ад пасады для правядзеньня службовага расьсьледаваньня аб прызначэньнях у Службу бясьпекі, калі на адказныя пасады траплялі людзі, якія з 24 лютага пасьля нападу Расеі на Ўкраіну пачалі пераходзіць на расейскі бок і ўваходзіць у склад акупацыйных адміністрацый на захопленых Расеяй украінскіх тэрыторыях.
19 ліпеня ўкраінскі прэзыдэнт падпісаў яшчэ 11 указаў аб звальненьнях і новых прызначэньнях у Службе бясьпекі Ўкраіны і яе рэгіянальных упраўленьнях.
У прыватнасьці, Зяленскі звольніў Уладзіміра Гарбенку з пасады намесьніка кіраўніка СБУ, а таксама начальнікаў упраўленьняў СБУ ў Сумскай, Днепрапятроўскай, Жытомірскай, Закарпацкай, Харкаўскай і Палтаўскай абласьцях.
17 ліпеня прэзыдэнт Украіны падпісаў указ аб адхіленьні Івана Баканава і Ірыны Венядзіктавай ад пасад кіраўніка Службы бясьпекі і генэральнага пракурора адпаведна.
У абодвух выпадках адбудзецца службовае расьсьледаваньне аб прызначэньнях у пракуратуру і Службу бясьпекі тых асобаў, якія пасьля ўварваньня расейскай арміі і акупацыі часткі тэрыторыі Ўкраіны перайшлі на бок акупацыйных уладаў.
Абгрунтоўваючы сваё рашэньне, Уладзімір Зяленскі паведаміў, што праваахоўныя органы зарэгістравалі 651 крымінальнае вядзеньне аб дзяржаўнай здрадзе і калябарантах — у 198 выпадках ужо паведамілі аб падазрэньнях. Паводле ўкраінскага прэзыдэнта, больш за 60 супрацоўнікаў пракуратуры і СБУ засталіся на акупаванай тэрыторыі і працуюць супраць украінскай дзяржавы.