Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 19 ліпеня: Судзяць былога супрацоўніка КДБ з «тэрарыстычнага сьпісу»; у Магілёве і Баранавічах затрымалі лекараў


Ільля Трубін, былы супрацоўнік КДБ, якога абвінавачваюць паводле артыкула за акт тэрарызму
Ільля Трубін, былы супрацоўнік КДБ, якога абвінавачваюць паводле артыкула за акт тэрарызму

Перасьлед беларусаў за іх грамадзянскую пазыцыю працягваецца.

Палітвязьня, які падняў у Гомлі бел-чырвона-белы сьцяг, асудзілі яшчэ і за абразу Лукашэнкі

У Цэнтральным судзе Гомля вынесьлі прысуд палітзьняволенаму Рыгору Васіленку, якога абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі (ч.1 арт. 368 КК), паведамляюць праваабаронцы «Вясны».

16 жніўня 2020 году на цэнтральнай плошчы Гомля Рыгор спусьціў з флягштока дзяржаўны сьцяг і ўзьняў бел-чырвона-белы. Пазьней мужчыну асудзілі на два гады «хіміі» за «хуліганства» (ч. 2 арт. 339 КК).

Сёлета 15 лютага Рыгора затрымалі другі раз. Па матэрыялах абвінавачаньня, знаходзячыся ў месцы адбываньня пакараньня ў папраўчай установе адкрытага тыпу, Васіленка разьмясьціў у групавым чаце паведамленьні, якія зьмяшчаюць выказаныя ў лаянкавай форме абразы ў адрас Лукашэнкі.

Судзьдзя Віктар Казачок пакараў Васіленку 1 годам 6 месяцамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму. А з улікам неадбытага раней пакараньня канчаткова прызначыў пазбаўленьне волі тэрмінам на адзін год і сем месяцаў.

Судзяць былога супрацоўніка КДБ

У судзе Барысаўскага раёна 19 ліпеня, пасьля трохмесячнага перапынку, аднавіўся разгляд крымінальнай справы мясцовага жыхара, былога супрацоўніка КДБ Ільлі Трубіна.

Яго абвінавачваюць паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • ч. 1 арт. 289 (Акт тэрарызму);
  • ч. 2 арт. 289 (Акт тэрарызму, зьдзейсьнены паўторна);
  • ч. 2 арт. 295 (Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў);
  • ч. 1 арт. 295-1 (Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да прадметаў, дзеяньне якіх заснавана на выкарыстаньні гаручых рэчываў).

Справу разглядае судзьдзя Дзьмітры Крывела, паведамляе «Вясна».

Паводле зьвестак сьледзтва, 34-гадовы жыхар Барысава падпаліў два парталы сыстэмы збору платы за праезд па дарогах «БелТолл» у Барысаўскім раёне.

У сваёй матывацыі абвінавачаны, паводле матэрыялаў сьледзтва, «кіраваўся заклікамі розных дэструктыўных інтэрнэт-рэсурсаў аб нанясеньні шкоды дзяржаўнай інфраструктуры».

Пра затрыманьне Трубіна стала вядома ў жніўні 2021 году. 20 чэрвеня КДБ унёс мужчыну ў сьпіс «асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці».

Судовы працэс над Трубіным праходзіць у закрытым рэжыме.

У Магілёве на працы затрымалі лекара-анэстэзіёляга анкалягічнага дыспансэру Дзьмітрыя Марозава

Затрыманьне Марозава адбылося ўчора, 18 ліпеня, паведамляе «Новы час».

«Мяркую, магчыма, у справах незалежных прафсаюзаў, бо выйшаў з афіцыйнага і намагаўся стварыць незалежны ў 2020-м. Учора быў апошні працоўны дзень. На працы ўзламалі ўсе шуфлядкі, забралі працоўны кампутар. Сям’я чакала візы, каб зьехаць», — паведаміла выданьню крыніца.

Шматдзетную маці зь Янава судзілі тройчы за 6 дзён – увесь гэты час жанчына правяла ў ізалятары

Міліцыянты склалі на жыхарку Янава Марыну Кіявец тры пратаколы за рэпосты «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Аднак у суд аддалі іх ня ўсе адразу, а па чарзе, паведамляе «Эўрарадыё». На пытаньне судзьдзі, чаму не разглядаліся ўсе справы разам, міліцыянты адказалі: «Указаньне».

Сумарна, паводле рашэньня суду, Марына павінна заплаціць за рэпосты 74 базавыя велічыні (гэта каля 940 даляраў, або 2368 беларускіх рублёў).

У Баранавічах затрымалі лекара Аляксандра Трафімава

Праваабаронцы адзначаюць, што сёньня раніцай Аляксандар Трафімаў паведамляў, што яго выклікаюць у міліцыю. Празь нейкі час ягоная жонка даведалася, што Аляксандар затрыманы — папярэдне на трое сутак.

Трафімаў вядзе інстаграм-старонку, на якой расказвае мэдычныя гісторыі з рэальнага жыцьця. На яго падпісана больш за 6,5 тысячы чалавек.

Сілавікі выклалі пакаянныя відэа з кіраўнікамі кампаній «Прызыўнік.бай» і «Арміхелп», якія кансультавалі прызыўнікоў.

Адзін з затрыманых прызнаецца ва ўдзеле ў мітынгах і ў тым, што раней быў падпісаны на «дэструктыўныя» тэлеграм-каналы. Учора выданьне «Медыязона» зьвязвалася з прадстаўнікамі гэтых фірмаў, каб даведацца, чаму не працуюць іхныя сайты. Адзін з суразмоўцаў сказаў, што знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошваньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG