Лінкі ўнівэрсальнага доступу

BelPol: Беларусь надае свае паслугі Расеі ў лячэньні параненых на вайне ва Ўкраіне вайскоўцаў


Сочы. Ілюстрацыйнае фота
Сочы. Ілюстрацыйнае фота

Беларусь зарабляе грошы на паслугах лячэньня і рэабілітацыі параненых ва Ўкраіне расейскіх вайскоўцаў.

Як паведаміла арганізацыя былых сілавікоў BelPol, расейскіх вайскоўцаў прымае санаторый «Беларусь» у Сочы.

«Фінансаваньне ідзе за рахунак сэртыфікатаў на санаторна-курортнае лячэньне, якое аплочваецца зь бюджэту Краснадарскага краю. Кожны такі сэртыфікат кампэнсуе выдаткі да 100 тысяч расейскіх рублёў. Атрымаць яго могуць ня толькі вайскоўцы і добраахвотнікі, якія ўдзельнічаюць у „апэрацыі“, але і іх сужэнцы. Санаторый „Беларусь“ дабіўся ўключэньня ў сьпіс арганізацый, якія маюць права абслугоўваць гэтую праграму», — адзначаецца ў паведамленьні BelPol.

У пераліку паслуг — ванны, масаж, кіслародныя кактэйлі і гэтак далей. Апроч таго, установа прымае калектывы прадпрыемстваў расейскага вайскова-прамысловага комплексу. Сярод кліентаў, напрыклад, акцыянэрнае таварыства «Досьледнае канструктарскае бюро „Наватар“» — вытворца ракет «Калібар».

Арганізацыя апублкіавала фота аднаго з такіх сэртыфікатаў.

  • Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
  • Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
  • У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны. Дакладная іх колькасьць невядомая.
  • За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі і этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за 100 тых, хто ваяваў на баку Расеі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG