Старшыня Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен 18 ліпеня паляцела ў Азэрбайджан дамаўляцца аб павелічэньні паставак прыроднага газу. Пра гэта паведамляе Reuters.
Эўракамісія прапанавала краінам ЭЗ заключыць угоду з Азэрбайджанам для павелічэньня імпарту прыроднага газу і падтрымкі пашырэньня трубаправоду для гэтага.
Летась эўрапейскія краіны атрымалі па трансадрыятычным газаправодзе (адрэзку трубаправоднай сеткі Паўднёвага газавага калідора) больш за 8 млрд кубамэтраў азэрбайджанскага газу.
Эўракамісія падкрэсьлівае, што дывэрсыфікацыя імпарту энэрганосьбітаў зьяўляецца прыярытэтам для ЭЗ, бо Расея працягвае выкарыстоўваць свае пастаўкі энэргіі як зброю.
- У чэрвені Урзуля фон дэр Ляен паведаміла, што Эўрапейскі зьвяз падпісаў з Ізраілем газавы мэмарандум аб узаемаразуменьні ў сфэры экспарту прыроднага газу. Ён прадугледжвае экспарт газу з Ізраілю па трубаправодзе ў Эгіпет, дзе яго будуць звадкоўваць і адпраўляць у Эўропу танкерамі.