Справу разглядаў судзьдзя Ігар Собалеў, які прысудзіў Яўгену Збароўскаму 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Збароўскага абвінавацілі адразу па 9 артыкулах Крымінальнага кодэксу, а сам судовы працэс доўжыўся з 14 лютага па 2 чэрвеня, амаль чатыры месяцы. Што менавіта закідалі Збароўскаму, застаецца невядомым.
Яўген сваю віну прызнаў часткова, патлумачыў, што ён быў нязгодны з вынікамі выбараў прэзыдэнта Беларусі, і менавіта таму вырашыў дзейнічаць актыўна.
Яўген Збароўскі трапіў у сьпіс «асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці», 28 чэрвеня. На той момант суд над мужчынам ужо скончыўся, але пра прысуд не было вядома яшчэ некалькі тыдняў.