Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я тут перажыла дастаткова, каб зразумець, што я хачу жыць тут». Беларускую валянтэрку Карыну Пацёмкіну ня будуць высылаць з Украіны


Карына Пацёмкіна
Карына Пацёмкіна

Пра рашэньне аб адмене дэпартацыі Пацёмкінай паведаміла Свабодзе журналістка, актывістка і дэпутатка Ірпенскай гарадзкой рады, намесьніца мэра гораду Буча Міхаліна Скорык-Шкароўская.

Па словах Міхаліны Скорык-Шкароўскай, інфармацыю аб пераглядзе міграцыйнай службай рашэньня аб прымусовым вяртаньні Карыны Пацёмкінай атрымаў адзін з дэпутатаў. Таксама дэпутатка ​напісала ў Фэйсбуку, што Ірпень адмаўляецца ад пабрацімства зь беларускім Маладэчнам «да таго часу, пакуль Беларусь ня верне сабе свабоду і незалежнасьць ад Крамля».

«Я сама ведаю толькі ад дэпутаткі гэтую інфармацыю, мы чакаем дакумэнтаў. Я хачу застацца ва Ўкраіне. Я тут перажыла дастаткова, каб зразумець, што я хачу тут застацца. Я ня бачу іншай краіны для свайго жыцьця. Нават калі цяпер Украіна ваюе, мяне гэта не палохае», — пракамэнтавала Свабодзе Карына Пацёмкіна.

Пазьней Карына Пацёмкіна паведаміла, што атрымала афіцыйнае паведамленьне ад Дзяржаўнай міграцыйнай службы Ўкраіны аб ануляваньні ранейшага рашэньня аб прымусовым выезьдзе. Адначасова ў пашпарце паўзьверх адпаведнага штампа паставілі новы — аб ануляваньні.

Беларуска выехала ва Ўкраіну пасьля рэпрэсій на радзіме. Яна жыла ў Бучы, перажыла там акупацыю, зь якой цудам вырвалася. Пасьля таго як расейскія войскі пакінулі Бучу, Карына вярнулася туды валянтэрыць. Ад мясцовай улады яна атрымала падзяку за сваю дзейнасьць. Але міграцыйныя службы Ўкраіны паставілі ёй у пашпарт штамп, што яна мусіць пакінуць краіну.

Міграцыйная справа беларускі Пацёмкінай

Раней валянтэрка Карына Пацёмкіна, якая дапамагала жыхарам Бучы, атрымала адмову ў падаўжэньні легальнага знаходжаньня ва Ўкраіне. Дзяржаўная міграцыйная служба Ўкраіны пастанавіла, што яна павінна выехаць да 15 ліпеня. Пра гэта беларуска паведаміла ў сваім Фэйсбуку, апублікаваўшы фота з адпаведным штампам у пашпарце.

Да гэтага ў Карыны Пацёмкінай не прынялі дакумэнты для падачы на часовы від на жыхарства ва Ўкраіне. Паводле яе, яна прыйшла ў міграцыйную службу, каб падаць дакумэнты на афармленьне часовага віду на жыхарства, выкарыстоўваючы для гэтага падставу «валянтэрства ў арганізацыі». Але пакет дакумэнтаў, у тым ліку падзяку ад Бучанскай тэрытарыяльнай грамады, не прынялі.

Пазьней супрацоўніца міграцыйнай службы забрала ў Пацёмкінай пашпарт і сказала, што ў яе будзе штраф, але «мінімальны, бо яна валянтэрка».

Дагэтуль на тэрыторыі Ўкраіны Пацёмкіна заставалася бязь віду на жыхарства і жыла ў Бучы. Паводле самой дзяўчыны, яна «проста легальна заставалася на тэрыторыі Ўкраіны 180 дзён», дакумэнты на палітычны прытулак яна не падавала, толькі патэлефанавала ў міграцыйную службу, і ёй сказалі, што на ваенным становішчы яны не прымаюць заявы на ўцякацтва, але «званок зафіксавалі і ператэлефануюць, як скончыцца вайна».

30 чэрвеня Карыне Пацёмкінай уручылі падзяку за валянтэрскую дзейнасьць ва Ўкраіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG