Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 12 ліпеня: 7 гадоў калёніі за «наезд на сілавіка», 3 гады — за падпал рэлейнай шафы


Рэпрэсіі ў дачыненьні да беларусаў працягваюцца.

У судзе Баранавіцкага раёна і Баранавіч 11 ліпеня вынесьлі прысуд Паўлу Лінкевічу. Яго абвінавацілі ў наўмысным прычыненьні цяжкага цялеснага пашкоджаньня супрацоўніку міліцыі (ч. 2 арт. 147 Крымінальнага кодэкса).

Судовы працэс вёў судзьдзя Мікалай Кміта.

Па матэрыялах сьледзтва, у жніўні 2020 года ў Баранавічах 35-гадовы мужчына, седзячы за рулём бездарожніка, зьдзейсьніў наезд на супрацоўніка органаў унутраных спраў, які ахоўваў грамадзкі парадак. У выніку сілавіку былі прычыненыя цяжкія цялесныя пашкоджаньні, зь якімі яго шпіталізавалі.

Супрацоўнікі ДАІ перасьледавалі абвінавачанага, аднак кіроўца пакінуў свой аўтамабіль паблізу вёскі Антанова, а сам схаваўся.

Паўла абвясьцілі ў вышук і пасьля вяртаньня з Польшчы 5 траўня 2022 году ў Баранавічы яго затрымалі і зьмясьцілі пад варту.

Судовы працэс пачаўся 7 ліпеня. Пракурор запрасіў для Лінкевіча пазбаўленьня волі тэрмінам на 7 гадоў і 10 000 рублёў матэрыяльнай кампэнсацыі пацярпеламу міліцыянту.

Акрамя таго, у суд накіравалі пазоў аб прызнаньні аўтамабіля Лінкевіча сродкам зьдзяйсьненьня злачынства, каб потым прымяніць да яго спэцыяльную канфіскацыю. Аўтамабіль пры гэтым стаіць на расейскім уліку.

У выніку судзьдзя пагадзіўся з пракурорам і пакараў Паўла Лінкевіча 7 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму, паведамляюць праваабаронцы.

Жыхару Полацкага раёна прысудзілі 3 гады калёніі за падпал рэлейнай шафы

40-гадовага жыхара Полацкага раёну асудзілі на 3 гады калёніі агульнага рэжыму ў справе аб наўмысным прывядзеньні ў непрыдатнасьць шляхоў зносін, паведамляе пракуратура Віцебскай вобласьці.

Беларуская чыгунка таксама спагнала з асуджанага 5,7 тысячы рублёў кампэнсацыі за шкоду.

Паведамляецца, што мужчына пашкодзіў замок рэлейнай шафы на чыгунцы каля вёскі Шлюбаўшчына Полацкага раёну і падпаліў яе. Гэта прывяло да падачы лжывага сыгналу аб занятасьці двух блёк-участкаў перагону і прычыніла шкоду Беларускай чыгунцы.

Жыхара Жабінкі пакаралі 2 гадамі калёніі за «няправільныя» партрэты Лукашэнкі

Суд Жабінкаўскага раёну разглядзеў крымінальную справу Аляксандра Жэдзіка, якога абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК).

Паводле матэрыялаў абвінавачаньня, Жэдзік «разьмясьціў у грамадзкіх месцах у Жабінцы партрэты кіраўніка дзяржавы, папярэдне зьдзейсьніўшы ў дачыненьні да іх дзеяньні абразьлівага характару, тым самым прынізіў гонар і годнасьць Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь».

Судзьдзя Людміла Рубашэўская прысудзіла абвінавачанаму два гады калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Бухгалтара за камэнтары асудзілі да 4,5 гадоў калёніі па 7 крымінальных артыкулах

Суд Ленінскага раёна Горадні пакараў 4,5 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму 33-гадовага бухгалтара Аляксандра Францкевіча. Мясцовага жыхара абвінавацілі паводле 7 артыкулаў КК РБ за «абразы прадстаўнікоў улады, Лукашэнкі, судзьдзяў, пагрозы сілавікам» і іншыя эпізоды.

Сьледчы камітэт называе яго актыўным удзельнікам дэструктыўных тэлеграм-каналаў і прадстаўніком «канапных войскаў».

Пацярпелымі па справе выступілі 26 чалавек, паведамляюць праваабаронцы. Працэс вёў судзьдзя Руслан Гурын.

Францкевіч да суду ўтрымліваўся пад вартай.

Прысуд палітзьняволенай Зінаідзе Міхнюк пакінулі бязь зьменаў

Абласны суд Берасьця 12 ліпеня таксама пастанавіў накіраваць палітзьняволеную Зінаіду Міхнюк на 2 гады ў калёнію за «абразу Лукашэнкі», паведамляе «Вясна | Брэст». Тройка судзьдзяў (сярод іх Вера Філонік) пакінулі прысуд палітзьняволенай бязь зьменаў, а скаргу — без задавальненьня.

18 траўня наўпрост у берасьцейскім СІЗА асудзілі Зінаіду Міхнюк, актывістку незалежнага прафсаюзу РЭП. На суд пускалі толькі непасрэдных удзельнікаў працэсу, публіку на паседжаньне не пусьцілі. Падрабязнасьці суду не вядомыя, але вядомы прысуд: судзьдзя Грушко па ч.1 арт.368 Крымінальнага кодэксу прысудзіў 61-гадовай жанчыне 2 гады калёніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG