— На сумеснай са Сьвятланай Ціханоўскай прэс-канфэрэнцыі ў Варшаве вы заявілі пра намер правесьці ў жніўні Кангрэс беларусаў. Раскажыце падрабязьней пра гэтае мерапрыемства.
— Калі мы сур’ёзна зыходзім з таго, што ёсьць рэальная пагроза страты незалежнасьці Беларусі; калі ў Беларусі, па сутнасьці, дзейнічае таталітарны рэжым; калі адбываецца гібрыдная акупацыя Беларусі, стаіць пытаньне аб прыняцьці палітычных і прававых рашэньняў, якія б дазволілі нам выйсьці з гэтай цяжкай сытуацыі.
Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва даўно прапаноўвала правесьці Кангрэс беларусаў як устаноўчы сход, які мог бы даць прававы імпульс да стварэньня розных інстытутаў, у тым ліку інстытутаў нацыянальнай улады. Я не лічу, што мы падрыхтаваныя да таго, каб кангрэс прайшоў у жніўні. Ініцыятыву цяпер трымае Офіс Сьвятланы Ціханоўскай. Яшчэ ня створаны аргакамітэт кангрэсу, не акрэсьлены рэглямэнт выбару дэлегатаў, парадак дня. Калі ўсё гэта будзе, тады можна прызначаць дату. Інакш гэта будзе проста падсумаваньне двухгадовых вынікаў нашай барацьбы. Вынікі мы і самі ведаем.
— Адна з задачаў кангрэсу — гэта стварэньне «органу нацыянальнай улады як выканаўчай і каардынавальнай структуры для забесьпячэньня транзыту ўлады Беларусі і дзейнасьці нацыянальна-вызвольнага руху». Маецца на ўвазе ўрад у выгнаньні?
— Гэта транзытны ўрад, нацыянальны орган, якія забясьпечыць ад сёньняшняга дня да моманту прыняцьця ўлады ў Беларусі. Галоўная мэта гэтай структуры — забесьпячэньне прыходу да ўлады дэмакратычных сілаў ці прадстаўнікоў беларускага грамадзтва. Другая мэта — стварэньне нацыянальна-вызвольнага руху Беларусі. Таксама мы хочам абмеркаваць стратэгію нашых адносінаў з Украінай, якая знаходзіцца ў стане вайны, што разьвязала Расея пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі. Для нас вельмі важна даць моцны палітычны сыгнал Украіне і акрэсьліць падчас будучых сустрэчаў з украінскім бокам шляхі падтрымкі ў барацьбе за сваю незалежнасьць і свабоду. Чарговы пункт нашай праграмы — гэта праэўрапейскі выбар нашага грамадзтва. Мы стаім сёньня перад цывілізацыйным выбарам: або фэадалізм, або крочыць наперад.
— Што азначае «заснаваньне нацыянальна-вызваленчага руху Беларусі»? Чым гэта будзе адрозьнівацца ад таго, што было ў жніўні 2020-га і пасьля?
— Розьніца прынцыповая. У жніўні 2020-га і пазьней беларусы змагаліся за свой дэмакратычны выбар, за правы чалавека, супраць гвалту. Сёньня на парадку дня стаіць пытаньне незалежнасьці. Яно, вядома, вынікае і з таго, што я згадаў раней, але галоўным павінна быць пытаньне незалежнасьці і дэакупацыі Беларусі, як ад гібрыднай расейскай, так і ад марыянэтачнага рэжыму ў Беларусі. У адпаведнасьці з Усеагульнай дэклярацыяй правоў чалавека, кожны народ мае права на паўстаньне. І да гэтага стану нас давёў менавіта рэжым Лукашэнкі. Менавіта стварыўшы таталітарную сыстэму, якая карае грамадзтва за кожны рух і дзеяньне, нас увялі ў сытуацыю, калі ў нас узьнікла гэтае права, якое грунтуецца на міжнародным базавым дакумэнце. Трэба гэтае права скарыстаць.
— Як гэтае права сёньня рэалізаваць, калі ў краіне пануе, як вы самі сказалі, таталітарны рэжым?
— Мы сёньня праводзім актыўныя кансультацыі з усімі ініцыятывамі, якія гатовыя да актыўнай дзейнасьці і папярэдне пагаджаюцца ўвайсьці ў нацыянальна-вызвольны рух Беларусі. Улічваючы рэальны стан рэчаў у Беларусі, на сёньняшні дзень гэта перадусім падпольная і партызанская дзейнасьць. Ніводную публічную акцыю, акт адной ці некалькіх асобаў, немагчыма сёньня рэалізаваць у Беларусі. Думаю, што практычна не засталося людзей, якія думаюць, што гэта можна рэалізаваць праз выбары. Можа, толькі нехта сярод «ябацек» лічыць, што ў нас выбары дэмакратычныя. Ніякіх зьменаў праз выбары ўжо не адбудзецца. У нас застаецца толькі нацыянальна-вызвольны рух і зьмена ўлады ў Беларусі. Улада не легітымная, і гэта дае нам прававыя падставы весьці такую барацьбу. Трэба пачынаць сёньня, каб заўтра такі рух рэальна існаваў.
— Хто павінен уваходзіць у гэты орган нацыянальнай улады?
— Каманда Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва адкрытая да камунікацыі з усімі. Спрэчкі могуць быць заўсёды, але гэта ня час для канфліктаў. Гэта час, каб аб’яднацца дзеля нашай краіны. Кадравы патэнцыял у нас абсалютна дастатковы. На кожную з пасадаў транзытнага ўраду ў нас ёсьць па некалькі кандыдатаў. Наша ідэя, каб рэалізаваць гэта праз рашэньне кангрэсу пры падтрымцы беларусаў, якія жывуць у Беларусі. Наконт схемы атрыманьня падтрымкі ў нас ужо ёсьць адпаведныя прапановы. Я ня буду агучваць іх публічна, каб яны не былі заблякаваныя.
— Пра ідэю транзытнага ўраду гаворыцца ад 2020 году. Што замінала стварыць яго раней?
— Давайце будзем шчырымі. Павал Латушка можа абвясьціць усё што заўгодна. Ад жніўня 2020 году мы разумеем, што ў нас ёсьць ёсьць абраная лідэрка, якая выйграла выбары прэзыдэнта Беларусі. Яна да гэтай пары мае права абвясьціць.
Я сустракаўся са Сьвятланай Ціханоўскай у верасьні 2020 году. Разам з паплечнікамі мы прадставілі канцэпцыю інаўгурацыі і стварэньня транзытнага ўраду. Некалькі разоў мы вярталіся з гэтай прапановай, але яна не была прынятая.
На сёньняшні дзень палітычная воля. Калі гэтае рашэньне зараз зацягваецца, то ёсьць іншы сцэнар, калі яно прымаецца калектыўным органам улады. Ім можа быць кангрэс або ўстаноўчы сход. Гэта адзін з запасных варыянтаў. Мы лічым важным праз гэты орган улады заблякаваць усе міжнародныя кантакты рэжыму, перапыніць усе вонкавыя крыніцы фінансаваньня, фактычна пераняць дыпляматычныя прадстаўніцтвы Беларусі за мяжой і адказваць за стварэньне блёкавых кірункаў па зьмене сытуацыі ў Беларусі. Гэта вайскова-палітычны блёк, унутраных справаў, замежная палітыка, пытаньне фінансаў. Гэта базавыя кірункі, якія можна назваць міністэрствамі, якія варта было б стварыць у самым хуткім часам. Цяпер пад пагрозай беларуская незалежнасьць. Што можа быць важнай прычынай для таго, каб ствараць такі орган і пачынаць весьці дакладную мэтанакіраваную барацьбу?
— Ці зьвязаная адсутнасьць палітычнай волі ў стварэньні такога органу з тым, што заходнія ўрады могуць паставіцца неадназначна да такога ўраду? Вы ствараеце яго на тэрыторыі краін, якія маюць дэ-юрэ і дэ-факта дыпляматычныя зносіны зь Беларусьсю.
— А мы гэта робім для замежных дзяржаў ці для беларусаў? Мы павінны клапаціцца, каб ім было зручна ці ня зручна, ці мы ставім прыярытэтна пытаньне нашай незалежнасьці і дзяржаўнасьці і зьмены сытуацыі ў Беларусі?
Мы колькі заўгодна можам чакаць падтрымкі з боку Эўразьвязу, ЗША, Канады, Вялікай Брытаніі і іншых партнэраў. Але яны могуць толькі падтрымаць нашыя дзеяньні. А самі дзеяньні залежаць толькі ад нас. Мы чамусьці загадзя хочам атрымаць іхную згоду на тое, чаго яшчэ не зрабілі. І таму ніколі загадзя такой згоды мы не атрымаем. Калі мы робім крокі і паказваем, што зьяўляемся рэальнай сілай, гэта не адбываецца цягам аднаго дня. І пытаньне прызнаньня — гэта не пытаньне палітычнай дэклярацыі з боку дзяржаў, а пытаньне фактычнага прызнаньня. Ці існуём мы як рэальная сіла, ці не існуём. Гэтую рэальную сілу трэба паказваць ня толькі за мяжой, але перадусім у Беларусі. І сыстэмна стварыць гэта можа толькі ўрад, і вось тады можна гаварыць аб прызнаньні.
Я шмат кантактую з заходнімі партнэрамі. Шмат хто сказаў, што «гэта рашэньне, якое павінны прыняць вы, бо гэтае рашэньне для вас, а не для нас». І гэта галоўнае. Мы ня робім гэта для іншаземцаў, мы робім гэта для сябе.
— Нядаўна Зянон Пазьняк апублікаваў 14 пунктаў, якія назваў галоўнымі прынцыпамі нацыянальна-вызвольнай барацьбы. Ці падтрымліваеце вы іх?
— Я першы раз чую пра гэтыя пункты, але канцэптуальна з большасьцю зь іх я гатовы пагадзіцца. Вельмі важна было б пачуць і меркаваньне паважанага палітыка Зянона Станіслававіча, як бы ён мог пашырыць іх значэньне. Але з большасьцю я згодны.