Для гэтага, лічаць у асацыяцыі, нямецкія ўрад павінен зьнізіць патрабаваньні да веданьня імі мовы і паскорыць працэдуру выдачы віз — ажно да аднаго тыдня.
DW распыталася пра гэтую ініцыятыву ў Адэль Голдампф-Вэндэл (Adel Holdampf-Wendel), кіраўніцы аддзелу працоўнага права Bitkom.
— Мы лічым, што трэба прапанаваць падтрымку тым, хто хоча эміграваць, перш за ўсё, паскорыць для іх працэдуру выдачы віз. Мы прэзэнтавалі спэцыяльную праграму пад назвай #greencard22, якая, у прыватнасьці, прапануе на працягу аднаго тыдня выдаваць від на жыхарства і дазвол на працу спэцыялістам, якія ўжо маюць канкрэтную прапанову аб рабоце.
Тым IT-спэцыялістам, у каго яшчэ няма канкрэтнай прапановы, можна папанаваць паскораную працэдуру атрыманьня візы для пошуку занятасьці. Каб у іх была магчымасьць на працягу паўгоду знайсьці тут працадаўцу і падаць заяву на атрыманьне звычайнага дазволу на працу. Мы таксама выступаем за паскарэньне пэўных працэдур, якія датычацца прызнаньня адукацыі або вопыту работы па прафэсіі. Акрамя таго, мы лічым, што неабходна зьнізіць патрабаваньні да веданьня нямецкай мовы, прынамсі да ўезду ў краіну. Вучыць мову можна і пасьля пераезду ў Нямеччыну.
Таксама ІТ-спэцыялістам неабходна інфармацыйная дапамога. Трэба распаўсюджваць інфармацыю аб існуючых службах падтрымкі і гарачых лініях, а таксама прадастаўляць зацікаўленым спэцыялістам асабістыя кансультацыі і дадатковую інфармацыю пра ўмовы жыцьця ў Нямеччыне, жыльлё, школьную адукацыю, догляд за дзецьмі, курсы і інтэграцыйныя прапановы па вывучэньні нямецкай мовы. Гэтую інфармацыю неабходна сыстэматызаваць і зрабіць даступнай на расейскай мове. Усё гэта ўжо ёсьць у шматлікіх месцах, але, магчыма, яшчэ ня вельмі добра вядома мэтавай аўдыторыі.
— У IT-спэцыялістаў і раней была магчымасьць атрымаць Blue Card EU. Гэтая праграма была недастаткова прывабнай для грамадзян Расеі і Беларусі?
— Мы зьвярнулі ўвагу, што афармленьне Blue Card займае адносна шмат часу. У той асаблівай сытуацыі, якая склалася цяпер, мы аблегчым людзям задачу, калі іх выпадкі будуць вырашацца хутчэй.
— Ці была ўжо рэакцыя на гэтую прапанову з боку ўраду Нямеччыны?
— Безумоўна, мы абмяркоўваем гэтае пытаньне з палітыкамі. Але зараз я не магу сказаць, у якой ступені нашы прапановы будуць рэалізаваныя.