«МЗС з абурэньнем прымае паведамленьні аб тым, што могілкі польскіх жаўнераў у Мікулішках Горадзенскай вобласьці былі зьнішчаныя на загад беларускіх уладаў. У 1944 годзе воіны 3-й і 6-й брыгад Арміі Краёвай, складовай часткі Войска Польскага, удзельнікі апэрацыі „Востра Брама“, змагаліся за вызваленьне Вільні ад нямецкай акупацыі і заплацілі за гэта навышэйшую цану. Асабліва шакуе тое, што беларускі бок робіць гэты беспрэцэдэнтны напад якраз напярэдадні гадавіны апэрацыі 7 ліпеня», — гаворыцца ў афіцыйнай заяве МЗС Польшчы.
У ведамстве падкрэсьлілі, што зьнішчэньне магілы байцоў АК у Мікулішках нагадвае самыя змрочныя старонкі гісторыі камунізму, і, улічваючы ранейшыя паведамленьні аб спусташэньні польскіх вайсковых пахаваньняў, ня можа быць успрынята інакш, як наўмысная акцыя па далейшым пагаршэньні ўзаемаадносін паміж Польшчай і Беларусьсю.
«Гэтая вельмі ганебная падзея — прыклад парушэньня цяперашнімі беларускімі ўладамі ўсіх сваіх абавязаньняў у дачыненьні да мэмарыяльных абʼектаў на сваёй тэрыторыі», — адзначылі ў МЗС. — Ліквідацыя польскіх магіл і памятных мясьцін — яшчэ адзін і самы яскравы прыклад дзеяньняў менскага рэжыму супраць палякаў у Беларусі.
Мы рашуча асуджаем гэтую антыпольскую кампанію беларускіх уладаў, накіраваную на ўстараненьне любых сьлядоў польскасьці ў Беларусі. Разбурэньне воінскіх пахаваньняў ня зьменіць гісторыю і не сатрэ памяць аб мінулым. Гэта яшчэ раз паказвае сьвету барбарства цяперашняга рэжыму».
4 ліпеня стала вядома, што пахаваньні жаўнераў Арміі Краёвай у вёсцы Мікулішкі Ашмянскага раёну Горадзенскай вобласьці зраўнялі зь зямлёй.
Пазьней у пасольстве Польшчы ў Менску паведамілі, што часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі ўсклаў кветкі і запаліў сьвечкі на месцы зьнішчанай бульдозэрам магілы.
Выпадкі зьнішчэньня польскіх магіл былі раней таксама зафіксаваныя ў вёсках Багданы, Бабровічы, Дындылішкі, а таксама ў Іўі. У Ядковічах (Бераставіцкі раён) невядомыя ссунулі надмагільныя пліты і выкапалі парэшткі салдат з брацкай магілы.