Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З гербам і бегавой дарожкай, але без партрэта Лукашэнкі. Як за 175 тысяч хочуць адрамантаваць кабінэт міністра сувязі РБ


Менскі Галоўпаштамт
Менскі Галоўпаштамт

«Белпошта» праводзіць тэндэр на рамонт «кабінэта кіраўніка». Як удалося высьветліць «Зеркалу» на самім прадпрыемстве, абнаўляць такім чынам плянуюць працоўнае месца міністра сувязі Канстанціна Шульгі.

Каштаваць рамонт у кабінэце чыноўніка будзе дорага — 174 998 рублёў. За такія грошы можна набыць двухпакаёвую кватэру ў цэнтры Менску. У распараджэньне журналістаў «Зеркала» трапіў дызайн-праект і каштарыс рамонту. На што пойдуць такія грошы?

Кабінэт міністра месьціцца ў будынку Галоўпаштамту на праспэкце Незалежнасьці ў Мінску. Ён складаецца з трох памяшканьняў: прыёмнай, непасрэдна кабінэта і пакоя адпачынку. Агульная плошча — крыху больш за 105 квадратных мэтраў.

Дызайн-праект зь візуалізацыяй выканала індывідуальная прадпрымальніца Юлія Відамірава зь Берасьця. Усе тры памяшканьні аформленыя ў пастэльна-бэжавых танах.

На сьценах — фатаздымкі Галоўпаштамту, а таксама герб і сьцяг. Праўда, дызайнэрка чамусьці візуалізавала яго ў няправільнай прапорцыі і павесіла арнамэнтам у іншы бок. А вось традыцыйнага для кабінэтаў чыноўнікаў партрэта Лукашэнкі на візуалізацыі не аказалася. Затое будзе бегавая дарожка.

У каштарысе пазначаны кошт сьцяга з падстаўкай — 441,66 рубля. Але гэта ня самы дзіўны кошт. Герб, зыходзячы з каштарысу, каштуе ў разы даражэй — 2 166,7 рубля. З чаго канкрэтна яго зробяць, не пазначана.

Практычна ўсю офісную мэблю — ад крэслаў да кутніх канапаў зьбіраюцца рабіць паводле індывідуальнай замову.

Рамонт кабінэта падрадчыкам трэба будзе зрабіць за два месяцы. 66,9 тысячы рублёў заплянавана на будаўнічыя матэрыялы, каля 40 тысяч — на працы. Астатнія грошы, як відаць, пойдуць на закуп мэблі і стварэньне інтэр’еру.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG