Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каця трымаецца добра, упэўнена». Пачаўся закрыты суд над журналісткай Кацярынай Андрэевай


Кацярына Андрэева
Кацярына Андрэева

Справу ў закрытым рэжыме разглядае Гомельскі абласны суд. Журналістку судзяць па артыкуле «Здрада дзяржаве». Ёй пагражае да 15 гадоў зьняволеньня.

4 ліпеня пачалі судзіць журналістку «Белсату» Кацярыну Андрэеву. Пра новую крымінальную справу супраць Кацярыны стала вядома ў лютым 2022 году, гэтым разам журналістку абвінавацілі ў здрадзе дзяржаве.

З калёніі Кацярыну перавялі ў СІЗА-3 Гомля, новае сьледзтва цягнулася менш за два месяцы. Працэс мог пачацца ўжо ў траўні, але зь невядомай прычыны працэсы запаволіліся.

Пасьля 16.30 4 ліпеня муж Кацярыны Ігар Ільяш паведаміў, што першае паседжанне па яе справе завершылася, заўтра працяг:

«Пакуль няясна, калі можна чакаць выраку. Ніякіх акалічнасцяў судовага працэсу я, на жаль, ня ведаю. Каця трымаецца добра, упэўнена. На здароўе ня скардзіцца».

Што напісана ў артыкуле «Здрада дзяржаве»

«Выдача замежнай дзяржаве, замежнай арганізацыі або іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь, а таксама зьвестак, якія складаюць дзяржаўныя сакрэты іншых дзяржаў, перададзеных Рэспубліцы Беларусь у адпаведнасьці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, або шпіянаж, або агентурная дзейнасьць, або пераход на бок ворага падчас вайны або узброенага канфлікту, альбо іншае аказаньне дапамогі замежнай дзяржаве, замежнай арганізацыі або іх прадстаўніку ў правядзеньні дзейнасьці на шкоду нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, наўмысна зьдзейсьненыя грамадзянінам Рэспублікі Беларусь (здрада дзяржаве), — караюцца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 7 да 15 гадоў».

Кацярыну Бахвалаву (Андрэеву) затрымалі 15 лістапада 2020 году падчас жывой трансьляцыі з «плошчы Перамен», дзе адбывалася акцыя памяці загінулага ўдзельніка пратэстаў Рамана Бандарэнкі. 18 лютага 2021 году яе разам з апэратаркай Дар’яй Чульцовай прызналі вінаватай у арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, і прысудзілі 2 гады калёніі агульнага рэжыму.

Ад пачатку новага сьледзтва ў лютым 2022 году Андрэева знаходзіцца ў СІЗА-3 Гомля, раней яна адбывала пакараньне ў жаночай гомельскай калёніі. Яна ня мае праблем у ліставаньні са сваякамі, лісты праходзяць вельмі хутка і амаль усе. Пошты ад іншых людзей Кацярына амаль не атрымлівае.

Першы тэрмін зьняволеньня журналісткі канчаецца ў верасьні 2022 году.

Суд над журналісткай закрыты

Муж Кацярыны Ігар Ільяш напісаў перад пачаткам суду:

«Разгляд справа пройдзе ў закрытым рэжыме. Фармат такі, што я не змагу ўбачыць Кацю нават перад пачаткам паседжаньня. Але чакаецца, што абвяшчэньне рэзалютыўнай часткі прысуду ўсё ж будзе адкрытым.

Як доўга можа працягнуцца судовы працэс, прадказаць зараз немагчыма. Рабіць прагнозы наконт яго зыходу – занятак і зусім бессэнсоўны. Толькі адно я ведаю дакладна: што б зараз не адбылося, мы ўсё роўна рана ці позна пераможам, будзем разам і будзем шчасьлівыя».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG