Раней улады Баўгарыі адкінулі заклік расейскай амбасады перагледзець рашэньне аб высылцы. У заяве амбасады гаварылася, што, калі рашэньне ня будзе перагледжана, амбасада ў Сафіі можа быць зачыненая.
Выканаўца абавязкаў прэм’ер-міністра Баўгарыі Кірыл Петкаў заявіў, што ў краіне застануцца 43 расейскія дыпляматы, і назваў гэта дастатковай колькасьцю. У ЭЗ таксама адпрэчылі расейскія прэтэнзіі.
Баўгарыя паведаміла пра высылку 70 дыпляматаў і тэхнічных супрацоўнікаў амбасады Расеі 28 чэрвеня. У прыватнасьці, Баўгарыя высылае дарадцу-пасланца Расеі, генэральных консулаў у Варне і Русе, дырэктара культурна-інфармацыйнага цэнтру. З генэральнага кансуляту Расеі ў горадзе Русе ў Баўгарыі будуць высланы ўсе дыпляматы і тэхнічны пэрсанал. Усяго Баўгарыю да 3 ліпеня павінны пакінуць каля 200 чалавек — уключаючы членаў сем’яў тых, хто высылаецца. Расейскія ўлады заяўляюць, што праца амбасады і генэральнага кансуляту цяпер «фактычна паралізаваная».
Паводле словаў Кірыла Петкава, супрацоўнікі пасольства былі абвінавачаныя ў шпіянажы. «Нашы службы вызначылі іх як людзей, якія шмат у чым зьвязаныя з расейскімі спэцслужбамі і дзейнічалі насуперак інтарэсам нашай краіны», — сказаў Петкаў у эфіры Баўгарскага нацыянальнага тэлебачаньня.
22 чэрвеня парлямэнт Баўгарыі вынес вотум недаверу ўраду краіны на чале зь Петкавым. Пасьля гэтага прэм’ер заявіў, што ў вотуме недаверу яго ўраду трэба вінаваціць некалькіх палітычных дзеячоў, сярод якіх і амбасадар Расеі ў Баўгарыі Элеанора Мітрафанава.