Чэскае выданьне Seznam Zprávy публікуе рэпартаж з польска-беларускуга памежжа, якое працягваюць перасякаць па-за памежнымі пераходамі грамадзяне трэціх краін. Зь Беларусі мігранты трапляюць на польскі бок і праз агароджу, якую будуе Польшча.
Журналіст выданьня наведаў Беласточчыну і даведаўся ад мясцовых жыхароў, што групы мігрантаў працягваюць пераходзіць мяжу. Гэта пацьвярджаюць і польскія памежнікі. За апошнія суткі, паводле іх, мяжу спрабавалі перайсьці 12 разоў, а за дзень да гэтага — 33 разы.
Пра сытуацыю на месцы чэскаму журналісту Філіпу Гарцэру расказаў польскі адвакат Каміль Сылер, які мае непадалёк ад мяжы лецішча і дапамагае мігрантам у белавескіх лясах.
Цяпер на польскі бок прыходзяць сьвежыя групы. Яны спыняюцца каля сталёвай агароджы ці недзе побач. Некаторыя праводзяць у лесе па некалькі тыдняў, кажа польскі юрыст. Паводле яго, найбольш шанцаў перайсьці мяжу і трапіць далей на Захад маюць грамадзяне Іраку, Сырыі, краін Афрыкі, у якіх ёсьць сваякі ў Эўразьвязе. Найгорш гэта пакуль удаецца кубінцам.
«Цяпер ідуць кубінцы. Некалькі дзён таму кубінская група зь дзесяці чалавек была за два кілямэтры ад нас. Але дапамагчы кубінцам цяжка. Яны ходзяць вялікай групай, маюць паўднёвы тэмпэрамэнт і паводзяць сябе гучна, таму лавіць іх будуць неаднаразова. Кубінцы ідуць у стылі „маньяна“». — кажа Сылер.
Польскі ўрад хоча прадухіліць нелегальную міграцыю зь Беларусі, пабудаваўшы амаль 180-кілямэтровую сталёвую агароджу. Яна павінна быць гатова да канца чэрвеня. На некаторых участках агароджа ўжо стаіць. Але Каміль Сылер расказвае, што гэты бар’ер не спыняе людзей.
«Людзі ўжо капаюць пад плотам. Я бачыў фатаграфіі ў сябра, у якога яны былі ад уцекачоў. Я ня ведаю, якія тэхнічныя парамэтры плоту, але ў яго павінен быць даволі глыбокі падмурак. Аднак на фота траншэй відаць, што падмуркі былі зусім неглыбокія, здаецца, сантымэтраў на 70, — гаворыць Сыльлер. — Чакаю, што агароджу зьнясуць з дапамогай трактара. На зьнішчэньне адной часткі ім спатрэбіцца некалькі хвілін. Беларускія сілавікі ўвесь час выкарыстоўваюць мігрантаў, таму для іх ня будзе праблемай знайсьці трактар бяз знакаў, зьнесьці ўчастак агароджы і потым яшчэ зарабіць на продажы польскай сталі».
Паводле Каміля Сылера, ніхто з жыхароў на памежжы ня верыць у хуткі канец мігранцкага крызісу. Непакой яшчэ больш павялічваецца, калі яны чуюць пра расейскую ваенна-марскую блякаду ў Чорным моры і перабоі з пастаўкамі пшаніцы.
«Нашы валасы сівеюць. Мы ўжо ведаем, што гэта будзе азначаць для нас тут. У спалучэньні з засухай гэта будзе азначаць голад у Афрыцы. Напрыклад, была справаздача аб вельмі дрэнным ураджаі цукровага трысьнягу на Кубе. Раней такая інфармацыя была для нас неактуальнай, а цяпер мы ведаем, што на Падляшшы, за маёй вёскай, за маім плотам, у лесе будзе праз гэта больш людзей. Чакаем, што часта будзе пашкоджвацца агароджа і зноў ляжа на зямлю калючы дрот. Але ў сьвеце няма агароджы, якая магла б спыніць людзей», — кажа Каміль Сылер у інтэрвію Seznam Zprávy.