Ліндэрмана затрымалі 21 чэрвеня. Як паведамляе «Настоящее время», Служба дзяржаўнай бясьпекі Латвіі распаўсюдзіла прэс-рэліз, у якім ягонае імя не згадваецца. У ім гаворыцца, што падазраваны распаўсюджваў «інфармацыю аб ваеннай дзейнасьці Расеі ва Ўкраіне».
У ведамстве заявілі, што за сваю дзейнасьць ён «атрымліваў фінансавую ўзнагароду ад зарэгістраваных у Расеі юрыдычных асоб».
Уладзімір Ліндэрман — былы чалец Нацыянал-бальшавіцкай партыі Эдуарда Лімонава, якога неаднаразова арыштоўвалі ў Расеі. У Латвіі ён узначальвае таварыства «За родную мову», якое выступае супраць ліквідацыі расейскіх школаў. У 2022 годзе Ліндэрман выступаў у сацыяльных сетках у падтрымку ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.
Артыкул крымінальнага закону Латвіі «Аб адказнасьці за публічнае праслаўленьне, адмаўленьне, грубае грэбаваньне або апраўданьне генацыду, злачынстваў супраць чалавецтва, супраць міру або ваенных злачынстваў» прадугледжвае пакараньне да 5 гадоў пазбаўленьня волі, грамадзкія работы ці грашовы штраф.