Нагадаем, што група сэнатараў, якую ўзначальвае дэмакрат Крыс Мэрфі і рэспубліканец Джон Корнін, абвясьціла ў нядзелю аб узгадненьні рамак патэнцыйнага законапраекту аб кантролі над зброяй, уключаючы ўзмацненьне жорсткасьці праверак біяграфічных дадзеных для пакупнікоў агнястрэльнай зброі, маладзейшых за 21 год, і спыненьне куплі праз падстаўных асобаў.
Прэзыдэнт выказаў шкадаваньне ў сувязі з тым, што законапраект не ўключае ўсіх неабходных мер. Разам з тым ён выказаў сэнатарам удзячнасьць за важныя крокі ў правільным кірунку.
«Гэта стане самым значным законам аб кантролі над зброяй, прынятым Кангрэсам за апошнія дзесяцігодзьдзі, — заявіў Байдэн. — Пры двупартыйнай падтрымцы няма ніякіх апраўданьняў для прамаруджваньня і няма прычын, чаму ён (законапраект) не павінен хутка прайсьці праз Сэнат і Палату прадстаўнікоў».
«Кожны дзень у гэтай краіне забіваюць усё больш дзяцей: чым хутчэй (законапраект) трапіць да мяне на стол, тым хутчэй я змагу яго падпісаць і тым хутчэй мы зможам выкарыстоўваць гэтыя захады для выратаваньня жыцьцяў», — рэзюмаваў прэзыдэнт Байдэн.