Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канцлер Нямеччыны заклікаў Баўгарыю зьняць блякаваньне заяўкі Паўночнай Македоніі на ўступленьне ў Эўразьвяз


Оляф Шольц і Дзімітар Кавачэўскі на сустрэчы ў Скоп'і, 11 чэрвеня 2022
Оляф Шольц і Дзімітар Кавачэўскі на сустрэчы ў Скоп'і, 11 чэрвеня 2022

Падчас візыту ў Скоп’е канцлер Нямеччыны Оляф Шольц падтрымаў заклікі лідэра Паўночнай Македоніі да Эўразьвязу хутчэй пачаць перамовы аб уступленьні гэтай краіны.

Затым, падчас візыту ў Баўгарыю, Оляф Шольц заклікаў Сафію спыніць свае намаганьні па блякаваньні памкненьняў Паўночнай Македоніі ў Эўразьвяз з-за шэрагу моўных і гістарычных рознагалосьсяў, што існуюць паміж дзяржавамі. Пра гэта піша Бальканская служба Радыё Свабода.

«Перамовы аб далучэньні, якія былі цьвёрда абяцаныя два гады таму, павінны пачацца зараз... Я буду гэтага дамагацца», — заявіў Шольц 11 чэрвеня на сумеснай прэс-канфэрэнцыі ў Скоп’і з прэм’ер-міністрам Паўночнай Македоніі Дзімітарам Кавачэўскім.

Шольц сказаў, што «Заходнія Бальканы маюць стратэгічнае значэньне» для Нямеччыны і што яго краіна «сур’ёзна падтрымлівае» эўрапейскую інтэграцыю рэгіёну.

«Паўночная Македонія і Альбанія заслугоўваюць таго, каб пачаць перамовы аб членстве», — дадаў Шольц.

Шольц таксама лічыць, што і самой Паўночнай Македоніі трэба дзейнічаць актыўней, каб яна прасунулася далей у працэсе рэформаў, неабходных для ўмацаваньня яе заяўкі ў Эўразьвяз.

Кавачэўскі заявіў, што саміт ЭЗ, заплянаваны на канец чэрвеня, павінен пацьвердзіць пачатак перамоў аб уступленьні.

«Мы чакаем кроку, які мы заслужылі. Візыт канцлера Шольца — моцны сыгнал таго, што Бэрлін прызнае, што мы адпавядаем крытэрам».

Македонскі прэм’ер-міністар дадаў, што яго краіна ня можа пастаянна быць «закладніцай» пярэчаньняў адной краіны, маючы на ўвазе Баўгарыю, якая ў мінулым блякавала заяўку на ЭЗ з-за шэрагу спрэчак, у тым ліку сьцьвярджэньня, што македонская мова — дыялект баўгарскай.

Таксама Баўгарыя раней заклікала Паўночную Македонію спыніць меркаваную «дыскрымінацыю» этнічнай баўгарскай меншасьці, выкараніць «мову варожасьці», якая нібыта была ў СМІ, і ўнесьці зьмены ў падручнікі па гісторыі краіны.

Раней на шляху да эўраінтэграцыі Скоп’ю давялося згодай на кампраміс урэгуляваць яшчэ адну даўнюю гістарычную спрэчку аб выкарыстаньні назвы «Македонія» са сваёй паўднёвай суседкай Грэцыяй. У адпаведнасьці з гэтым пагадненьнем у Скоп’і пагадзіліся зьмяніць назву краіны з Македоніі на Паўночную Македонію.

Пры гэтым на сустрэчы з Шольцам прэм’ер-міністар Баўгарыі Кірыл Петкаў зноў настойваў на выкананьні македонскім бокам трох умоваў, зьвязаных зь гістарычнымі і культурніцкімі спрэчкамі паміж дзьвюма краінамі, і заявіў, што Брусэль «павінен гарантаваць іх выкананьне».

На саміце ў Славеніі ў кастрычніку 2021 лідэры ЭЗ не прапанавалі чаканага канкрэтнага графіку членства шасьці кандыдатам ад Заходніх Балькан, паўтарыўшы толькі «прыхільнасьць блёку працэсу пашырэньня».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG