Уладзіславу і Віталю Кузьнечыкам удалося выехаць з амбасады, якая знаходзіцца недалёка ад КДБ і ГУБАЗіК. Пра свае ўцёкі з краіны яны расказалі «Зеркалу».
Бацька і сын Кузьнечыкі былі ўдзельнікамі пратэстаў супраць нязьменнага кіраваньня Лукашэнкі. 11 верасьня 2020 году, ратуючыся ад пагоні сілавікоў за імі, яны пераскочылі плот швэдзкай амбасады. Палітычны прытулак у Швэцыі ім не надалі, бо дыпляматычнае ведамства за мяжой не валодае такімі паўнамоцтвамі. Але разам з тым супрацоўнікі амбасады ня выдалі Кузьнечыкаў уладам.
Ужо ў амбасадзе тыя даведаліся, што на іх завялі крымінальную справу па арт.364 Крымінальнага кодэксу (Гвалт або пагроза прымяненьня гвалту ў дачыненьні супрацоўніка органаў унутраных спраў).
8 чэрвеня бацька і сын нечакана зьявіліся ў Рызе на сустрэчы са Сьвятланай Ціханоўскай, якая прыехала ў Латвію зь візытам. Так стала вядома, што Кузьнечыкі пасьпяхова пакінулі Беларусь.
Амаль двухгадовае пражываньне на тэрыторыі швэдзкай амбасады было няпростым, — ніякага афіцыйнага статусу Кузьнечыкам не давалі.
«Яны ў прынцыпе ня вельмі хацелі, каб мы там знаходзіліся. Але наш юрыст Вадзім Драздоў падаў скаргу ў Камітэт супраць катаваньняў ААН. Там прызналі: мы можам знаходзіцца легальна на тэрыторыі амбасады. Нас не маглі выдаць уладам Беларусі, улады ж Швэцыі не хацелі нам даваць які-небудзь статус. Патлумачылі тым, што калі гэта зробяць, дык будзе прэцэдэнт. І тады ва ўсе пасольствы Швэцыі ў сьвеце будуць скокаць цераз платы», — тлумачыць Уладзіслаў.
Яны прасілі дапамагчы ім выехаць ва Ўкраіну, але пачалася вайна. Далей выбар спынілі на Латвіі.
Уладзіслаў Кузьнечык раней перанёс рак, таму папрасіўся выехаць на абсьледаваньне. Днём 1 чэрвеня супрацоўнікі пасольства прыйшлі да бацькі і сына са станоўчым адказам ад кіраўніцтва.
«Яны сказалі, што адвязуць нас на абсьледаваньне, далі на зборы некалькі гадзін. Мы, вядома, такога хуткага адказу не чакалі. Галоўнай складанасьцю, якую трэба было пераадолець пры выхадзе з будынка амбасады — гэта нейкім чынам не патрапіць на камэры».
Уладзіслаў кажа, што маральна яны былі гатовыя, што выйсьці з амбасады ім ня ўдасца, і іх схопяць сілавікі. Але нейкім чынам удалося выйсьці, сесьці ў пасольскую машыну і выехаць у адзін з суседніх гарадоў на абсьледаваньне. Далей на яго бацька з сынам не пайшлі, а адправіліся аўтобусамі і электравікамі на мяжу Віцебскай вобласьці. Сын быў у масцы, а бацька перад паездкай адгадаваў бараду.
Да мяжы яны пад’ехалі на таксі, а там дзякуючы компасу і навігатару на «чыстым» тэлефоне дабраліся да латвійскай мяжы. Ужо ў адной зь вёсак на тэрыторыі Латвіі Кузьнечыкі знайшлі памежнікаў, паказалі дакумэнты і сказалі, што шукаюць палітычнага прытулку.
На гэты момант беларусы жывуць у лягеры для ўцекачоў, ня маюць ні працы, ні статусу, але спадзяюцца, што ўсё выправіцца, у тым ліку дзякуючы беларускай салідарнасьці. А яшчэ нядаўна Віталь даведаўся, што асуджаны на 6 гадоў турмы журналіст Радыё Свабода Андрэй Кузьнечык — ягоны траюрадны брат.