Праваабаронца, дырэктарка асьветніцка-сацыяльнага грамадзкага аб’яднаньня «Зьвяно» Тацяна Гацура-Яворская пасьля свайго арышту і дэпартацыі мужа пераехала ва Ўкраіну. Цяпер яна зьбірае сродкі на закуп мэдычных апаратаў для параненых і перадае іх у шпіталі. Пагаварылі, як дапамагаць Украіне і як цяпер жывецца там беларусам.
Тацяну Гацуру-Яворскую затрымалі ўвесну 2021-га — празь некалькі дзён пасьля закрыцьця выставы «Машына дыхае, а я — не». Выстава была арганізаваная асьветніцка-сацыяльным грамадзкім аб’яднаньнем «Зьвяно» і прысьвечаная гераізму мэдыкаў падчас пандэміі, адкрылася яна 30 сакавіка 2021 году. Але ўжо 1 красавіка ў прастору наведаліся санстанцыя і МНС, якія знайшлі парушэньні і загадалі закрыць экспазыцыю.
5 красавіка 2021 году на Тацяну Гацуру-Яворскую завялі крымінальную справу за «фінансаваньне беспарадкаў». Спачатку Тацяну пасадзілі ў ІЧУ, потым перавялі ў СІЗА № 1.
12 красавіка прыйшлі зь ператрусам у кватэру, дэпартавалі мужа Тацяны Ўладзімера Яворскага, грамадзяніна Ўкраіны, з забаронай наведваць Беларусь цягам 10 гадоў. 14 красавіка Ўладзімер з 10-гадовым сынам Данілам вымушаны быў зьехаць зь Беларусі ва Ўкраіну. Літаральна на наступны дзень пасьля ад’езду мужа і сына Тацяну выпусьцілі з «Валадаркі» на волю — у статусе падазраванай па крымінальнай справе.
Ва Ўкраіну да сям’і ёй удалося трапіць амаль праз год — 12 сакавіка 2022 году.
«Я не магла заставацца на Бацькаўшчыне, таму што сям’я была ва Ўкраіне»
Калі адбылося ўварваньне расейскіх войскаў ва Ўкраіну, Тацяна вырашыла, што павінна быць са сваёй сям’ёй. Яна разумела, што дапамагаць Украіне зь Беларусі будзе немагчыма, бо літаральна на наступны дзень пачаліся затрыманьні тых, хто выступіў супраць вайны.
Дарога зь Менску да Львова заняла тыдзень — трэба было атрымаць шэнгенскую візу, трапіць спачатку на тэрыторыю Польшчы. Узьніклі праблемы і зь перасячэньнем украінскай мяжы зь беларускім пашпартам.
«Я не магла заставацца на Бацькаўшчыне, таму што сям’я была ва Ўкраіне. Былі праблемы на мяжы. Гэта быў пачатак вайны. Для ўкраінцаў было вельмі балюча, што з тэрыторыі Беларусі ляцелі ракеты. І на той момант, можа, яшчэ ня так яскрава гэта выглядала, але ў Беларусі знаходзілася шмат расейскіх войскаў і ўзбраеньняў. Ты адчуваў сябе ў краіне, якая разам з Расеяй распачала вайну, у краіне-агрэсары, як бы ў тыле ворага.
Вось гэтыя два чыньнікі — сям’я і сытуацыя, што ты ў тыле ворага, — мяне падштурхнулі да такога рашэньня», — тлумачыць Тацяна.
Нарэшце яна дабралася да Заходняй Украіны, дзе былі яе муж і малодшы сын.
Закупілі 23 VAC-сыстэмы для лекаваньня ран з расходнікамі
Тацяна адразу пачала шукаць нейкую нішу — чым дапамагаць украінцам. Трапілася на вочы некалькі аб’яў, што тэрмінова патрэбна мэдабсталяваньне: адмысловыя вакуўмныя сыстэмы для лекаваньня ран.
«Я спачатку дасканала вывучыла, што гэта такое, і пасьля вельмі хутка адбылася калябарацыя трох арганізацый — мы да гэтага часу знаёмыя толькі віртуальна, але гэта была вельмі хуткая і пасьпяховая супраца.
Паколькі гэта мэдабсталяваньне, я зьвярнулася да беларускага Фонду мэдычнай салідарнасьці. Далучылася беларуская дыяспара ў Італіі і я як прадстаўніца арганізацыі „Зьвяно“, якую ліквідавалі ў Беларусі. Але мы ўжо зарэгістравалі ва Ўкраіне арганізацыю з такой жа назвай», — расказвае яна пра сваіх сталых партнэраў.
Паўтара месяца вяліся перамовы з вытворцам, ішоў збор грошай на закуп абсталяваньня. Грошы пераводзіліся адразу на рахунак беларускай дыяспары ў Італіі, і яны набывалі гэтае абсталяваньне проста ў вытворцаў. Усяго закупілі 23 апараты і расходныя матэрыялы да іх, частку перадалі ў вайсковыя мэдчасткі, частку — у шпіталі. Да месца яшчэ не даехалі 3 апараты з 23-х.
«„Данацілі“ беларусы зь Беларусі — гэта было вельмі кранальна»
Ва Ўкраіне адзін такі апарат без расходных матэрыялаў каштуе 1900 эўра. Паколькі абсталяваньне валянтэры набывалі непасрэдна ў італьянскага вытворцы, кожны апарат абышоўся значна таньней — у 1 тысячу эўра. Плюс да кожнага апарата неабходныя былі расходныя матэрыялы як мінімум на 6 месяцаў працы — на 600 эўра.
«У асноўным „данацілі“ беларусы, якія жывуць у Эўропе, украінцы, якія жывуць у Эўропе, і беларусы зь Беларусі. Гэта таксама было вельмі кранальна, таму што ўсё заблякавана і вельмі цяжка зь Беларусі зрабіць грашовы перавод. Людзі скідваліся ўнутры Беларусі і перадавалі наяўнымі, каб мы паклалі на рахунак. Таксама было некалькі буйных спонсараў, але яны прасілі іх не называць. Нават мой 10-гадовы сын Данік бачыў, што я перажывала, калі збор грошай ішоў, і са сваіх кішэнных грошай перадаў 10 эўра на апарат», — расказала Тацяна.
3 чэрвеня валянтэры самі адвезьлі апошнія апараты ў горад Крапіўніцкі. Тры апараты перадалі ў аддзяленьне рэанімацыі абласнога шпіталя, і яшчэ тры пакінулі ў шпіталі, што бліжэй да фронту.
«Да Крапіўніцкага дабрацца няма ніякай небясьпекі, там няма баявых дзеяньняў, тэрыторыя кантралюецца Ўкраінай, проста блёк-пасты, якія правяраюць, хто што вязе. А вось з Крапіўніцкага перадаваць у Харкаў альбо Краматорск больш складана і небясьпечна. Гэтым будуць займацца ўжо ўкраінскія валянтэрскія арганізацыі», — кажа Тацяна.
«Былі моманты, калі рэальна было вельмі страшна за сына»
Нягледзячы на тое, што Тацяна зь сям’ёй жыве на захадзе Ўкраіны, там часта здараюцца паветраныя трывогі. Тацяна згадвае, як аднойчы пакінулі 10-гадовага сына аднаго дома, а самі пайшлі ў цэнтар гораду.
«Была паветраная трывога (а трывогі бываюць па некалькі разоў на дзень, людзі прывыкаюць). І мы неяк „лайтова“ паставіліся да гэтай трывогі. Пачулі выбухі ня так далёка ад нашай кватэры. Мы беглі, быў вялікі страх. Сын асабліва не напалохаўся, нават відосікі паздымаў, як гарыць нешта. Але я была вельмі перапалоханая. Цяпер нават на 5 хвілін не пакідаем сына аднаго. Мы заўважылі, што калі нешта здараецца, сын нібыта нармальна рэагуе, але потым могуць быць нейкія флэшбэкі. Так было і пасьля таго, як Даніка зь Беларусі вытурылі. Усё ня так проста», — заўважае Тацяна.
«Трэба рабіць тое, што мы робім, — быць заўважнымі для ўкраінцаў»
Тацяна кажа, што ніколі не хавала, што яна зь Беларусі. Адкрытай варожасьці не сустракала, аднак пра некаторыя непрыемныя моманты ўзгадвае. Неяк пры перадачы ў вайсковую частку апаратаў сустрэла лекара з Ірпяня, які пабываў пад акупацыяй.
«Яму было зразумела, што ўсе расейскія вайскоўцы, якія зьверствавалі ў Ірпяні, Бучы, прыйшлі з тэрыторыі Беларусі. Чалавек перажыў асабіста вельмі шмат, сутыкнуўся з такім жахам, сям’ю вывозіў, раненых ратаваў, у яго столькі эмоцый! Калі я зьяжджала з вайсковай часткі, гэты лекар з Ірпяня наўпрост мне сказаў: «Калі б я вырашаў, я ад беларусаў ня ўзяў бы нават ваткі і бінціка». Потым крыху памякчэў, маўляў, «вы не крыўдуйце», — расказвае валянтэрка.
Тады яна пажартавала: што, маўляў, давядзецца яму беларусаў яшчэ крыху пацярпець, бо яны будуць прывозіць расходныя матэрыялы. На яе думку, эмоцыі хутка спадуць.
«Зараз гэты доктар сутыкаецца зь іншымі беларусамі. Трэба рабіць тое, што мы робім, — быць заўважнымі для ўкраінцаў. Думаю, усё наладзіцца».
Яна перапісвалася зь беларусам, які быў на «Азоўсталі», служыў у палку «Азоў», і запытвалася пра адносіны паміж украінцамі і беларусамі.
«Вось што ён напісаў наконт гэтага: „Усе адэкватныя ўкраінцы разумеюць, у чым тут сутнасьць, таму канфліктаў ня будзе. А што тычыцца звычайных „кнопкавых інтэрнэт-воінаў“, не хачу пра іх нават разважаць“. Я згодная з гэтай думкай», — пагаджаецца Гацура-Яворская.
«На курортах стаяць шыкоўныя гатэлі, якія на 90% пустыя. А там маглі б вельмі камфортна жыць уцекачы»
На думку Тацяны, якая шмат кантактуе з украінцамі, яны мала ведаюць пра тое, што насамрэч адбываецца ў Беларусі.
«Першая рэакцыя звычайна такая: «Ну што ж вы ня скінулі свайго крыважэрнага, марыянэтку Пуціна?» Учора ў мяне вельмі добрая размова з украінцамі была, якія казалі, што, маўляў, «шкада, што так атрымалася, але мы спадзяёмся, што разам зможам пераадолець», — дзеліцца ўражаньнямі ад кантактаў з украінцамі Тацяна.
Бальшыня ўкраінцаў дапамагае развозіць мэдабсталяваньне па далёкіх шпіталях бескаштоўна, пры гэтым рызыкуючы жыцьцём, нават пры дэфіцыце паліва не бярэ ні капейкі.
Аднак, на думку беларускі, па-рознаму ставяцца да вайны і самі ўкраінцы. Яна неяк езьдзіла па Закарпацьці, шукала будынак, бо ў валянтэраў ёсьць ідэя стварыць рэабілітацыйны цэнтар для вайскоўцаў.
«Для мяне было вельмі непрыемным уражаньнем, што на закарпацкіх курортах стаяць шыкоўныя гатэлі, якія на 90% пустуюць. А там маглі б вельмі камфортна жыць уцекачы. Але неяк дзіўна для мяне — уладальнікі гэтых гатэляў плячо ўцекачам не падставілі», — заўважае яна.
А вось тое, што жыцьцё вяртаецца ў Кіеў, яе вельмі цешыць. Тацяна расказала, што была ў сталіцы і ў сакавіку, і ў красавіку, і зусім нядаўна, пры канцы траўня.
«І я бачыла проста зусім розныя гарады! Зараз Кіеў вельмі блізкі да таго, якім я яго ведала раней. Жыцьцё вяртаецца, людзі вяртаюцца дадому, ужо ёсьць коркі на дарогах, поўнае мэтро», — дзеліцца сваімі ўражаньнямі Тацяна Гацура.
Гэта яе вельмі натхняе і абнадзейвае.
«Я заўсёды зь людзьмі, якія нешта робяць, дапамагаюць і ў якіх настрой — дапамагаць і рабіць. Яны перамогуць».
Тацяна Гацура-Яворская — праваабаронца, арганізатарка Міжнароднага фэстывалю дакумэнтальнага кіно аб правах чалавека WATCH DOCS Belarus. Заснавальніца грамадзкай арганізацыі «Зьвяно», якая маніторыла сыстэму аховы здароўя ва ўмовах пандэміі. У кастрычніку 2021 году «Зьвяно» ліквідаваў Менскі гарадзкі суд. У красавіку Тацяну затрымалі, яна правяла за кратамі больш за 10 дзён. Зь СІЗА № 1 на Валадарскага выйшла ў статусе падазраванай у крымінальнай справе.
Цяпер Тацяна Гацура-Яворская валянтэрыць ва Ўкраіне.