Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта не вайна зь іншай думкай». Як блякавалі «Желтые сливы»


Дзяржаўныя прапагандысты Рыгор Азаронак, Андрэй Мукавозчык і карцінка з акаўнту Тэлеграм-каналу «Желтые сливы»
Дзяржаўныя прапагандысты Рыгор Азаронак, Андрэй Мукавозчык і карцінка з акаўнту Тэлеграм-каналу «Желтые сливы»

4 чэрвеня быў выдалены найбуйнейшы тэлеграм-канал, афіліяваны зь дзяржавай, — «Желтые сливы». Ён меў больш за 150 тысяч падпісчыкаў. У хуткім часе стала вядома, што гэта адбылося пасьля звароту праваабаронцаў зь Беларускага Хэльсынскага камітэту.

Зварот да кіраўнікоў Telegram, Apple, Google быў накіраваны 12 траўня. БХК прасіў кампаніі адрэагаваць на парушэньні правоў дзяцей у беларускім сэгмэнце Telegram. Меліся на ўвазе гэтак званыя «пакаяльныя відэа», удзельнікамі якіх выступалі дзеці.

БХК напісаў, што гэтыя відэа прыніжаюць годнасьць і траўмуюць. «Дзеці — гэта асабліва ўразьлівая група, што ўзмацняе нэгатыўны ўплыў такіх „публічных пакараньняў“. На відэа бачна, што дзеці спалоханыя, можна меркаваць, што на іх аказваўся ціск», — гаварылася ў заяве.

Алег Гулак
Алег Гулак

Кіраўнік БХК Алег Гулак расказаў Свабодзе, чаму гэта стала магчымым і ці не супярэчыць такое выдаленьне свабодзе слова.

«Мы даўно працуем з тэмай узаемадзеяньня бізнэсу і правоў чалавека. Існуюць ААНаўскія стандарты наконт гэтага, яны ўсе юрыдычна замацаваныя. Бізнэс мае абавязак не парушаць правы чалавека самому і ня ўдзельнічаць у іх парушэньні кліентамі і іншымі. А ў дадзеным выпадку мы гаворым аб правах асабліва ўразьлівай групы — дзяцей», — кажа Алег Гулак.

Па яго словах, Telegram як бізнэс моцна залежыць ад узаемадзеяньняў з грамадзтвам, таму зь ім магчыма размаўляць.

«Ёсьць фармальныя працэдуры, мы зьвярнуліся зь лістом да кіраўніцтва кампаній, дзе апісалі, якія існуюць праблемы. У карпаратыўных правілах кампаній таксама прапісана, што яны прытрымліваюцца правоў чалавека».

Але праца зь бізнэсам мае і свае нюансы, абумоўленыя тым, што гэта не настолькі публічная сфэра, як дзяржаўныя інстытуты.

Праваабаронца кажа, што для яго важным пытаньнем тут было не перайсьці тонкую мяжу свабоды слова і барацьбы зь іншай думкай.

«Мы гаворым не пра тое, што трэба забараніць кантэнт, які нам не падабаецца. Мы гаворым аб парушэньні стандартаў, што канкрэтныя сюжэты парушаюць правы дзіцяці. Гэта не вайна з тымі, хто мае іншую думку. Мы супраць таго, каб абмяжоўвалася свабода выказваньняў, але тут відавочная зьнявага правоў чалавека. Гэта не абараняецца свабодай слова. У студзені 2020 году Камітэт ААН па правах дзіцяці па выніках справаздачы Беларусі рэкамэндаваў нашай краіне сур’ёзна палепшыць практыкі датычна дзяцей. Але карціна толькі пагоршылася», — кажа Гулак.

Тэлеграм-канал «Желтые сливы» быў створаны ў 2020 годзе, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. У ім публікаваўся непацьверджаны кампрамат на апазыцыйных кандыдатаў. Канал вядзецца ананімна, імёны яго аўтараў невядомыя.

Зь цягам часу «Желтые сливы» пачалі адкрыта выкарыстоўваць мову варожасьці і нават заклікі саджаць у турму ці зьнішчаць апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі.

У канале амаль штодня публікаваўся кантэнт з гэтак званымі «пакаяльнымі відэа», калі затрыманыя за палітычную актыўнасьць казалі, што памыліліся і больш так рабіць ня будуць. У такіх відэа паказвалі і непаўналетніх. Праваабаронцы мяркуюць, што падобныя відэа запісваюць з прымяненьнем псыхалягічнага, а магчыма, і фізычнага гвалту, таму іх нельга разглядаць як форму барацьбы з злачыннасьцю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG