Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маскоўскі патрыярх Кірыл на сустрэчы з Лукашэнкам заявіў, што «Беларусь належыць Усходу»


Аляксандар Лукашэнка з кіраўніком РПЦ патрыярхам Кірылам. Менск, 15 кастрычніка 2018 года. Ілюстрацыйнае фота
Аляксандар Лукашэнка з кіраўніком РПЦ патрыярхам Кірылам. Менск, 15 кастрычніка 2018 года. Ілюстрацыйнае фота

Кіраўнік Расейскай праваслаўнай царквы (РПЦ) патрыярх Кірыл прыляцеў у Менск 4 чэрвеня для ўдзелу ў сьвяткаваньні 1030-годьдзя ўсталяваньня праваслаўя на беларускіх землях і падзеях у памяць прападобнай Эўфрасіньні Полацкай.

Гэта першы за чатыры гады візыт маскоўскага патрыярха ў Беларусь. Лукашэнка падзякаваў Кірылу за візыт, а той, у сваю чаргу, зьвярнуў увагу на геаграфічнае становішча Беларусі.

«Паколькі агульнапалітычны кантэкст у Эўропе сёньня неспакойны, трывожны, а Беларусь якраз знаходзіцца ў памежнай зоне Эўропы, паміж Усходам і Захадам (хоць сама, вядома, належыць Усходу), таму мы не абышлі ўвагай тэму значэньня і месца Беларусі ў сучаснай архітэктуры Эўропы», — сказаў кіраўнік РПЦ па выніках сустрэчы.

Таксама, паводле дзяржаўнага агенцтва БелТА, размова ішла пра «выклікі, зьвязаныя з тэмамі вайны і міру, вялікае месца займала тэма экалёгіі ў шырокім сэнсе гэтага слова». Акрамя таго, Кірыл падзякаваў Лукашэнку за тое, што той мае зь ім «аднадумства».

Раней маскоўскі патрыярх цалкам падтрымаў вайну, разьвязаную Пуціным супраць Украіны. 6 сакавіка ён заявіў, што пачатак ваенных дзеяньняў зьвязаны з тым, што «нейкія сілы» восем гадоў спрабавалі «зьнішчыць тое, што існуе ў Данбасе». «Мы ўступілі ў барацьбу, якая мае не фізычнае, а мэтафізычнае значэньне», — заяўляў Кірыл, крытыкуючы краіны Захаду.

27 красавіка Сабор Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату прыняў рашэньне аб поўнай незалежнасьці і самастойнасьці УПЦ, выказаўшы нязгоду з пазыцыяй Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла наконт вайны ва Ўкраіне.

Эўразьвяз разглядаў магчымае ўвядзеньне санкцый супраць Кірыла, але Вугоршчына, якая традыцыйна выступае ў хаўрусе з Масквой, настаяла на выключэньні яго са сьпісу індывідуальных санкцый ЭЗ. У выніку ў шосты пакет санкцый, які зацьвердзілі 2 чэрвеня, ён ня трапіў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG