Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўзьнікне паміж Чэхіяй і Беларусьсю «жалезная заслона»? Тлумачыць Сьвятлана Ціханоўская


У Чэхіі рыхтуецца да прыняцьця закон Lex Ukrajina 2, у якім сярод іншага прадугледжваецца адказнасьць Расеі і рэжыму Лукашэнкі за вайну ва Ўкраіне. Закон істотна абмяжоўвае магчымасьць атрыманьня візаў для беларусаў.

На гэтым тыдні закон быў прыняты Палатай дэпутатаў — ніжняй палатай чэскага парлямэнту. На чарзе — галасаваньне ў Сэнаце і падпісаньне закону прэзыдэнтам.

Сьвятлана Ціханоўская падчас візыту ў Прагу на пачатку траўня сустракалася з чэскімі міністрамі і іншымі афіцыйнымі асобамі з мэтай зьмякчыць палажэньні рыхтаванага закону, якія датычаць грамадзянаў Беларусі.

Аднак ня ўсе абяцаньні чэскіх палітыкаў былі выкананыя. Мы папрасілі Сьвятлану Ціханоўскую пракамэнтаваць сытуацыю, якая ўзьнікне пасьля прыняцьця закону.

— Ці ўспрымаеце вы Lex Ukrajina 2, які ў выпадку прыняцьця прынясе для грамадзян Беларусі працяг візавых абмежаваньняў і пасьля сканчэньня крызіснага становішча ў Чэхіі, як стварэньне «жалезнай заслоны» для Беларусі?

— Я ўспрымаю гэтую сытуацыю як выклік для нас, беларусаў. Усе пакуты нашага народу апошнія гады зьяўляюцца толькі з адной прычыны — дзеяньняў рэжыму. Вядома, любыя абмежаваньні, у аснове якіх ляжыць атаясамленьне рэжыму Лукашэнкі зь беларусамі, могуць спрыяць стварэньню «жалезнай заслоны», але за ёй разам з сапраўднымі злачынцамі ні ў якім разе не павінен апынуцца беларускі народ. Уласна, гэта было адной з прычын майго нядаўняга візыту ў Чэхію — данесьці гэтую думку да чэскага боку.

Нашай мэтай было таксама дамагчыся, каб з праекту заканадаўчага акту была прыбраная згадка Беларусі, бо гэта пляма для беларусаў на будучыню. У вэрсіі, якую некалькі дзён таму ўхваліла чэская Палата дэпутатаў такой згадкі няма (заменена на «трэція краіны»). Разам з тым Беларусь фігуруе ва ўрадавай пастанове да закону, якая і ўводзіць працяг візавых абмежаваньняў. Але важна разумець, што, па-першае, з гэтых абмежаваньняў ужо цяпер будзе некалькі выключэньняў, а па-другое, Lex Ukrajina 2 дае чэскаму ўраду права апэратыўна ўносіць карэктывы ў залежнасьці ад таго, як будзе разьвівацца сытуацыя ва Ўкраіне і Беларусі. Для нас жа гэта азначае неабходнасьць далейшых перамоваў з чэскім бокам.

— Вы згадалі пра выключэньні — што гэта за выключэньні?

— Ужо раней дзейнічала выключэньне для ўзьяднання зьмяшаных чэска-беларускіх сем’яў, а таксама папраўка для тых, хто прыехаў у Чэхію па візе з мэтай атрыманьня працоўнай карткі, але не пасьпеў яе атрымаць.

У выпадку прыняцьця парлямэнтам (яшчэ не галасаваў Сэнат) новага заканадаўства зьявіцца вельмі важнае выключэньне для ўзьяднаньня беларускіх сем’яў. Гэта праблема, пра якую некалькі месяцаў інфармавала чэскіх палітыкаў беларуская дыяспара і вакол якой яна стварала максымальны ціск.

Яшчэ адным шырокім выключэньнем будзе грамадзянская супольнасьць, для якой МЗС ЧР падрыхтавала адмысловую праграму з аднайменнай назвай.

— На каго канкрэтна будзе разьлічана праграма «Грамадзянская супольнасць»?

— На тых прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасьці, каму пагражае перасьлед ці хто ня можа свабодна заставацца ў прафэсіі. Гаворка найперш пра тых, хто ўвесь гэты час змагаўся за свабоду, за правы чалавека, пра незалежных журналістаў, прадстаўнікоў акадэмічнай сфэры, а таксама пра актыўнае студэнцтва. Ахвочых у яе трапіць будуць вэрыфікаваць чэскія няўрадавыя арганізацыі, яны будуць выступаць і гарантамі.

— Якія вашы далейшыя крокі дзеля зьмены чэскай пазыцыі ў пытаньні візаў?

— Мы працягваем выступаць супраць татальнай візавай забароны. Але любыя перамовы — гэта працэс. Найбольш уразьлівымі групамі, для якіх неабходна дамагчыся асобнага стаўленьня, беларусы Чэхіі лічаць беларускае студэнцтва бяз доказаў актывізму ці перасьледу, якое паступіла або разьлічвае паступаць у Чэхію, і сямейнікаў беларускіх уцекачоў і тых беларусаў, хто дэ-факта неўязны ў Беларусь. Іншымі словамі, гаворка пра студэнцкія візы па-за праграмай «Грамадзянская супольнасьць» і кароткачасовыя візы з мэтай наведаньня сям’і.

Але ж я прашу заўсёды памятаць, што візавыя пытаньні — гэта частка вялікай праблемы, якую ўжо немагчыма вырашыць кропкавымі дзеяньнямі. Мы сутыкнуліся з двума дыктатарамі, якія разбураюць жыцьцё людзей ва ўсім рэгіёне, і ўплыў гэтага разбурэньня ўжо бачны па ўсёй Эўропе.

Беларусам цяпер патрэбна падтрымка, бо наш народ робіць шмат, каб дапамагчы наблізіць канец дыктатуры і вайны. Беларусы зрабілі свой выбар, і наша задача як нацыі — кожны дзень бараніць яго. Таму ў адказ ад міжнародных партнэраў беларусы маюць права чакаць разуменьня і дапамогі замест ціску.

Я не перабольшу, калі скажу, што лёс Эўропы залежыць цяпер ад лёсу Ўкраіны і Беларусі. Таму працягну заклікаць палітыкаў да сыстэмнай падтрымкі дэмакратычнай Беларусі, а беларусаў — да дзеяньняў, якія робяць нашу агульную волю да свабоды і незалежнасьці бачнай. Бо, разумееце, дэмакратыя — гэта калі палітыкі даюць выбар народу, а не наадварот. Таму давайце дапаможам адны адным, каб вырашыць нашу агульную праблему.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG