Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз ухваліў шосты пакет санкцый супраць Расеі, у тым ліку частковае эмбарга на імпарт нафты. Патрыярха Кірыла вывелі са сьпісу


Ілюстрацыя
Ілюстрацыя

Эмбарга на расейскую нафту ня будзе поўным, але ахопіць звыш 90% паставак. Патрыярха Кірыла вывелі з санкцыйнага сьпісу на патрабаваньне Вугоршчыны.

Пра рашэньне паведаміў брусэльскі карэспандэнт Свабоды Рыкард Юзьвяк.

Раней кіраўнік Эўрапейскай Рады Шарль Мішэль паведаміў, што Эўразьвяз дамовіўся ўвесьці шосты пакет санкцый супраць Расеі. Дыскусіі вакол новых абмежавальных захадаў у дачыненьні да Крамля вяліся месяц, і прыняцьце пакету было пад пагрозай.

Шосты пакет — гэта:

  • частковае эмбарга на пастаўкі расейскай нафты (больш за 2/3 паставак);
  • адключэньне «Сбербанку» ад SWIFT;
  • забарона трох расейскіх дзяржаўных мэдыя;
  • пашырэньне пэрсанальных санкцый за падтрымку вайны супраць Украіны.

Санкцыі супраць патрыярха Кірыла

Вугоршчына настаяла на выключэньні са сьпісу індывідуальных санкцый патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла.

Упершыню аб падрыхтоўцы Эўразьвязам абмежавальных мер супраць патрыярха Кірыла СМІ паведамілі на пачатку траўня. Увесьці санкцыі прапанавала Літва, але МЗС краіны зазначыла, што невядома, ці атрымаецца гэта зрабіць. У рамках шостага пакета санкцыі прапаноўвалася ўвесьці супраць асоб, якія «распаўсюджваюць дэзынфармацыю».

Прэм'ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан, якога называюць прарасейскім палітыкам, тады казаў, што ягоная краіна не падтрымае ўключэньне ў санкцыйны сьпіс кіраўніка РПЦ, назваўшы гэта праблемай свабоды веравызнаньня.


Нафтавае эмбарга

На думку Шарля Мішэля, гэта максымальны ціск на Расею, каб спыніць вайну.

Старшыня Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен заявіла, што да канца 2022 году эмбарга ахопіць амаль 90% паставак расейскай нафты ў Эўропу:

«2/3 расейскай нафты пастаўляюць у Эўразьвяз танкерамі. Эмбарга ўвядуць менавіта на гэтыя пастаўкі. Астатняе пастаўляюць па нафтаправодзе „Дружба“. Яго паўночная галіна ідзе ў Польшчу і Нямеччыну. Гэтыя краіны ў аднабаковым парадку абавязаліся адмовіцца ад нафты з РФ. Разам зь іх доляй эмбарга пакрые 90%».

Астатнія 10 ці 11% ідуць па паўднёвай галіне «Дружбы» ў Вугоршчыну, Славаччыну і Чэхію, для якіх зрабілі выключэньні праз асаблівую залежнасьць ад расейскіх энэрганосьбітаў. Для Вугоршчыны, напрыклад, трэба павялічыць прапускную здольнасьць нафтаправоду Adria, які ідзе ў гэтую краіну з Харватыі.

«Час, які патрабуецца для павелічэньня магутнасьці, складае прыблізна ад 45 да 60 дзён. Гэта разумныя тэрміны. І гэта патрабуе пэўных інвэстыцый», — адзначыла фон дэр Ляен.

Прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан, перад тым як пагадзіцца на новыя меры зь іншымі краінамі ЭЗ, папрасіў гарантый, што ў выпадку аварыі на паўднёвай галіне «Дружбы», што ідзе па тэрыторыі Ўкраіны, Вугоршчына зможа атрымліваць расейскую нафту зь іншых крыніц.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG