Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зламалі сыстэму». Як беларусы ўзарвалі рынак арэнды жыльля ў трох чужых краінах і абвалілі ў сваёй


Да лета 2020 году арандаваць жыльлё ля мора ў Батумі было ўдвая таньней, чым у беларускай сталіцы. Цяпер сытуацыя адваротная.

Беларусы, якія пераехалі або пераяжджаюць у Грузію, Польшчу і Літву, расказалі Свабодзе пра свой досьвед арэнды жыльля і пра тое, як зьмяніліся цэны на кватэры з пачаткам вайны ва Ўкраіне.

Грузія. Рост коштаў арэнды ў 2–3 разы

Паводле зьвестак уладаў Грузіі, за першы месяц вайны ва Ўкраіне ў Грузію прыехалі каля 20 тысяч беларусаў. Гэта ў дзесяць разоў больш, чым звычайна. Беларусаў у каўкаскую краіну прыехала нават больш, чым украінцаў (каля 16 тысяч, паводле афіцыйных лічбаў. — РС). Разам з грамадзянамі Расеі яны кардынальна памянялі расклад на рынку арэнды нерухомасьці.

Батумі
Батумі

Беларус Андрэй жыве ў Батумі амаль год. Разам з жонкай і дзецьмі наймае «эўрадвушку» ў доме побач з марскім узьбярэжжам. Дом новы, кватэра памерам 45 квадратаў, абсталяваная мэбляй, на кухні ёсьць посуд. Усё новае, але самае простае, зь мясцовага аналяга IKEA. Летам 2021 году такое жыльлё каштавала 450 даляраў у месяц, але ўжо ў кастрычніку гаспадар зьнізіў кошт да 250. Перагляд расцэнак па сэзонах быў нармальнай для Батумі зьявай да 2022 году. Цяпер усё памянялася.

«Мясцовыя кажуць нам, што беларусы зламалі сыстэму (арэнды жыльля ў Грузіі. — РС), — расказвае Андрэй. — Рэфармавалі рынак. Шмат хто зь беларусаў прыехаў сюды адразу пасьля жніўня 2020-га, мы былі далёка ня першыя. Тут жыльлё летам звычайна арандавалі на месяц. Беларусы прыехалі і рабілі гэта адразу на год. Да мінулага году ў Батумі не было ніколі такога, каб нехта нават на першай лініі (у крокавай даступнасьці да пляжаў. — РС) у старых дамах прасіў 300–350 даляраў за месяц. Самая высокая цана была — 250».

Цяпер такі кошт не прапануюць нават у аддаленых ад мора раёнах. Зь лютага 2022 году рэальных цэнаў на арэнду жыльля ў Батумі ня ведаюць нават гаспадары кватэр, кажа Андрэй. Прычым якасьць жыльля ў Грузіі не найлепшая. За 10 месяцаў беларусу прыйшлося часткова мяняць у арэндным жыльлі сантэхніку і іншае.

«Выбух быў у сярэдзіне сакавіка, нас гаспадары папярэдзілі, што кошт арэнды вырасьце, нават нягледзячы на ранейшыя дамоўленасьці яго не павышаць, — расказвае суразмоўца. — Красавік і травень ужо плацім па-новаму. А на лета сказалі ад 500. Думаю, трэба рыхтавацца на 600, і гэта будзе яшчэ добрая цана. Цэны, вядома, прапісваюцца ў дамовах, але гаспадары жыльля іх могуць разрываць. У нашым доме жыльлё ўжо здаецца па 700 даляраў на месяц. На першай лініі з добрым відам можа быць і 1000 даляраў».

Андрэй расказвае, што візуальна колькасьць беларусаў на вуліцах Батумі з канца лютага пачала «павялічвацца ў разы». Нават у зусім нетурыстычным месцы можна лёгка пачуць размову пра тое, што цяпер адбываецца, напрыклад, у Маладэчне.

Пры гэтым дыскрымінацыі да сябе з боку грузінаў суразмоўца не адчувае. Кажа, што ў сакавіку і красавіку была яшчэ нейкая напружанасьць. Напрыклад, у банку маглі адмовіцца мяняць банкноту з пашкоджаным краем. Але цяпер збольшага ўсё так, як было да пачатку вайны.

Цяжэй расейцам, якія таксама масава прыехалі ў Грузію. Ім часта адмаўляюць у арэндзе жыльля і ў іншых паслугах. Зь беларусамі такія выпадкі здараюцца адзінкава.

Літва. Цэны ў сярэднім вырасьлі з 500 да 700 эўра

За першы год, што прайшоў з выбараў жніўня 2020 году, у Літву зь Беларусі толькі па гуманітарных візах пераехалі каля 20 тысяч беларусаў. З пачаткам вайны ва Ўкраіне сытуацыя толькі абвастрылася.

Стары горад у Вільні
Стары горад у Вільні

У канцы сакавіка МЗС Літвы паведамляла, што ў амбасадзе ў Менску сабралася каля 10 тысяч заявак на атрыманьне візаў для пераезду.

Усё гэта паўплывала на кошты арэнды жыльля ў Вільні.

Калі восеньню 2020 году аднапакаёвая студыя тут каштавала 450–500 эўра ў месяц, то цяпер такое ж жыльлё могуць здаваць ужо нават за 700 эўра. Таксама зьнізілася колькасьць прапановаў. Калі ў студзені 2022 году ў Вільні здавалі каля 2500 кватэраў, то ў канцы траўня — толькі 400, паведамляе партал delfi.lt. Рост коштаў на арэнду жыльля з пачатку сакавіка дасягнуў 20–30%.

«Я шукаю жыльлё ў Вільні пакуль дыстанцыйна, сьпісваюся з уласьнікамі і агентамі, — расказвае Свабодзе беларуска, якая зьбіраецца пераехаць у Літву летам. — Каля паловы ўласьнікаў адмаўляюцца здаваць замежнікам. Я ня ведаю, ці гэта таму, што я беларуска, ці зь нейкай іншай прычыны. Жыльлё шукаю ўжо месяц, за гэты час цэны вырасьлі на 100–150 эўра. Раней разглядала магчымасьць пераезду ў Грузію, але цэны на кватэры там цяпер такія самыя, як у Літве, таму прасьцей перабрацца сюды».

Як расказалі Свабодзе яшчэ некалькі чалавек, якія цяпер шукаюць варыянты пераезду зь Беларусі за мяжу, высокія цэны на арэнду жыльля ў Літве робяць гэта праблематычным.

Працадаўцы са сфэры ІТ часта ахвотна дапамагаюць зь пераездам, але нашмат менш ахвотна ідуць на падвышэньне заробкаў альбо аплату арэнды кватэр для сваіх супрацоўнікаў. У выніку тыя, хто ня можа зьехаць, застаюцца ў Беларусі бяз працы.

Польшча. «Атрымала чатыры адмовы за адзін дзень»

Колькасьць беларусаў, якія з 2020 году пераехалі на сталае месца жыхарства ў Польшчу, невядомая. Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда летам 2021 году агучваў лічбу ў 200 тысяч чалавек. Пры гэтым колькасьць гуманітарных візаў, якія Польшча выдала беларусам за першы год пасьля пратэстаў, значна ніжэйшая — каля 20 тысяч.

Вечаровая Варшава
Вечаровая Варшава

Сьвежых зьвестак пра тое, як на сытуацыю паўплывалі падзеі ва Ўкраіне, пакуль няма. Але знайсьці жытло ў Варшаве і іншых польскіх гарадах стала нашмат складаней, чым нават год таму. Уплываюць на сытуацыю ўцекачы з Украіны.

«Мы кватэру ў Варшаве пачалі шукаць у сярэдзіне траўня, але за тэндэнцыямі на рынку сачылі яшчэ са студзеня, — расказвае Вольга, якая на днях пераехала зь Беларусі ў Польшчу. — Цэны ўверх пайшлі, вядома. Але мне падаецца, што гэта ня нейкае жаданьне палякаў задраць іх, а проста ўмовы рынку, які рэагуе на сытуацыю. Калі параўноўваць са студзенем, то кватэры, якія тады каштавалі каля 3800 злотых (820 эўра. — РС), цяпер каштуюць 4500–5000 (980–1100 эўра. — РС)».

Як расказвае Вольга, у Варшаве яна адпачатку шукала трохпакаёвую кватэру, бо плянуе працаваць з дому, мае хатняга гадаванца. Да беларусаў, як кажа суразмоўца, палякі па-ранейшаму ставяцца добра. Асабліва калі арандатар крыху валодае польскай мовай. Праблемы ствараюць хутчэй умовы, у якія трапілі шукальнікі арэнднага жыльля. Хутка яго знайсьці практычна нерэальна, кажа Вольга.

«Мы шукалі кватэру з рыэлтарамі, нават з трыма, — расказвае суразмоўца. — Усіх нам параілі. Кватэры вельмі хутка сыходзяць. Трэба адразу дамаўляцца на прагляд, іначай ты аказваесься дванаццатай у чарзе. Шансаў, што ты хаця б паглядзіш кватэру, проста няма. Людзі нават проста па званку наймаюць, ня гледзячы. Трэба прызначаць сустрэчу адразу з гаспадарамі. Выклікаць таксоўку і ехаць. Калі не пасьпееш, кватэру здадуць. У мяне быў дзень, калі я не пасьпела такім чынам чатыры разы».

У выніку Вольга зьняла кватэру за 5000 злотых у месяц недалёка ад цэнтру Варшавы ў новым доме. Прыкладна такое ж жыльлё бліжэй да ўскраіны польскай сталіцы каштуе каля 3800-4000 злотых у месяц. У Менску ў Вольгі засталася свая кватэра, здаваць яе яна не плянуе.

Беларусь. «Цэны на арэнду жыльля ўпалі да ўзроўню 2012 году»

Дакладная лічба беларусаў, якія зьехалі з краіны пасьля выбараў 2020 году і з пачаткам вайны Расеі супраць Украіны, невядомая. Але гэта ўжо паўплывала на рынак арэнды жыльля, перш за ўсё ў Менску.

Мікрараён Новая Баравая ў Менскім раёне. Архіўнае фота
Мікрараён Новая Баравая ў Менскім раёне. Архіўнае фота

«Цэны цяпер на ўзроўні дзесяцігадовай даўнасьці, — расказаў у размове са Свабодай адзін з рыэлтараў, які дапамагае знайсьці арэнднае жыльлё ў Менску. — Прапанова ўвесь час павялічваецца, а попыт, наадварот, зьніжаецца. „Аднушкі“ нават ля мэтро ўжо каштуюць 150–200 даляраў у месяц. Такога не было з пачатку 2010-х гадоў. Прычым гаспадары гатовыя скідаць і такую цану. Кватэры ня могуць здаць месяцамі».

Па словах суразмоўцы, попыт цяпер ёсьць найперш на адносна танныя кватэры. Частка ўласьнікаў, якія зьехалі зь Беларусі нядаўна, адмаўляецца здаваць свае кватэры па нізкіх цэнах. Для іх прасьцей працягваць аплачваць камуналку з-за мяжы, чым пусьціць некага чужога жыць у сваіх кватэрах і мець з гэтага 200–300 даляраў прыбытку.

«Але нельга сказаць, што прычынай зьніжэньня цэнаў стала вайна, — кажа суразмоўца. — Яны пачалі падаць яшчэ ў 2020 годзе і працягваюць павольна апускацца. У людзей стала менш грошай, заробкі зьмяншаюцца. Адсюль і зьніжэньне цэнаў на арэнду. Рэзкага росту колькасьці прапановаў я ня бачу. Верагодна, цэны на арэнду жыльля ўжо дасягнулі найніжэйшага ўзроўню. Цяжка прагназаваць, што яны яшчэ могуць зьніжацца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG