EPAM плянуе зьменшыць штат у Беларусі і Ўкраіне сама меней на 6 тысяч чалавек да канца 2022 году, падлічыў dev.by на падставе слоў Аркадзя Добкіна.
Прэзыдэнт і CEO EPAM Аркадзь Добкін падчас штоквартальнага сазвону з інвэстарамі падзяліўся дэталямі рэлакейту супрацоўнікаў зь Беларусі, Украіны і Расеі.
«Да ковіду штат ва Ўкраіне, Беларусі і Расеі набліжаўся да 70% ад нашых агульных вытворчых магутнасьцяў (production capacity). Да канца 2021 году гэтая доля была меншая за 60%. Мы спадзяёмся, што да канца 2022 году нам удасца скараціць наш вытворчы штат у рэгіёне прыкладна да 30%», — сказаў Добкін.
Адказваючы на пытаньне аднаго з удзельнікаў гутаркі, кіраўнік EPAM яшчэ раз падкрэсьліў:
«Мы спадзяёмся, што да канца году Беларусь і Ўкраіна будуць складаць ня больш за 30% ад нашых магутнасьцяў».
У канцы 2021 году ў офісах EPAM па ўсім сьвеце працавалі 58,8 тысячы чалавек, зь іх 52 617 — вытворчыя спэцыялісты (супрацоўнікі кампаніі, якія працуюць на ІТ-праектах), пра якіх казаў Добкін. Каля 30% вытворчых спэцыялістаў — гэта прыкладна 15,8 тысячы чалавек.
Магчыма, гэтых людзей будзе больш — бо невядома, колькі вытворчых супрацоўнікаў наняў EPAM за першы квартал 2022 году. Агульны штат на 31 сакавіка складаў 61 600 чалавек. Таксама канчаткова павінен спыніць сваю працу ўлетку расейскі офіс EPAM. Паводле інфармацыі dev.by, некаторым яго супрацоўнікам прапанавалі пераехаць у Беларусь.
На канец мінулага году ў офісах кампаніі ў Беларусі працавала 9416 вытворчых спэцыялістаў (каманда ўпершыню ў гісторыі офіса скарацілася), ва Ўкраіне — 12 389. Агулам — 21 806 чалавек, і 30 738 з улікам расейскага офіса — каля 60% ад агульных вытворчых магутнасьцяў.
Такім чынам, EPAM плянуе скараціць вытворчы штат у рэгіёне (Беларусь, Украіна і Расея) амаль на 15 тысяч чалавек. Таксама гэта значыць, што зь Беларусі і Ўкраіны рэлякуюць да канца году ня менш за 6 тысяч супрацоўнікаў EPAM (а з улікам магчымага пераезду ў Беларусь некаторай колькасьці былых супрацоўнікаў расейскага офіса кампаніі — нават больш).
Найманьне супрацоўнікаў у Беларусі замарожана, а ва Ўкраіне з красавіка зноў пачалі наймаць супрацоўнікаў.