Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская праваслаўная царква вырашыла адмовіцца ад Маскоўскага патрыярхату. Тлумачым, што гэта азначае


Кіраўнік УПЦ (МП) мітрапаліт Ануфрый, травень 2021
Кіраўнік УПЦ (МП) мітрапаліт Ануфрый, травень 2021

У Кіеве 27 траўня адбыўся Памесны сабор Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату, які прыняў рашэньне цалкам адмовіцца ад РПЦ. Са статуту рэлігійнай арганізацыі прыбралі ўсе згадкі пра Расейскую праваслаўную царкву, пры гэтым аб выхадзе з РПЦ так і не заявілі. Што гэта значыць на практыцы і ці можна лічыць, што УПЦ стала новай незалежнай царквой? Тлумачыць рэлігіязнаўца Зьміцер Гаравы.

Храналёгія падзеяў

Першапачаткова Ўкраінская праваслаўная царква (УПЦ) не плянавала праводзіць Памеснага сабору: на раніцу 27 траўня быў прызначаны збор духавенства, сьвецкіх людзей і япіскапаў. У такім сходзе, як і ў Памесным саборы, удзельнічаюць усе царкоўныя пласты, аднак ён ня мае паўнамоцтваў прымаць важныя рашэньні. Такую прэрагатыву мае толькі Памесны сабор як у найвышэйшы орган кіраваньня Царквой.

Таму, калі мітрапаліт Ануфрый (кіраўнік УПЦ Маскоўскага патрыярхату) склікаў толькі сход духавенства, многія назіральнікі расцанілі гэта як спробу «выпусьціць пару» і нежаданьне прымаць якія-небудзь сур'ёзныя рашэньні. Аднак сход хутка скончыўся, і ў гэты ж дзень пачалося экстранае пасяджэньне Сьвятога Сыноду. Гэта галоўны працоўны орган кіраваньня Царквой, які складаецца з найстарэйшых мітрапалітаў. Па ідэі, яны павінны кіраваць Царквой у пэрыяд паміж саборамі. Аднак той факт, што саборы склікаюць рэдка, ператварае Сынод у рэальны орган кіраваньня, хаця паводле статуту ў яго такіх паўнамоцтваў няма. Такая практыка склалася даўно, а за савецкім часам здабыла назву «Мітрапалітбюро».

Пасяджэньне Сыноду было нядоўгім, ягонай асноўнай задачай было скліканьне Архірэйскага сабору. А ўжо Архірэйскі сабор зацьвердзіў скліканьне Памеснага сабору. Такая складаная бюракратычная пасьлядоўнасьць патрэбна для захаваньня ўсіх статутных працэдур, а таксама для дэманстрацыі таго, што з рашэньнямі згодны ўсе органы кіраваньня Царквой. На думку назіральнікаў, гэта своеасаблівая перастрахоўка для мітрапаліта Ануфрыя — доказ таго, што адмова ад Маскоўскага патрыярхату не ягонае асабістае рашэньне.

Адмова ад РПЦ азначае аўтакефалію?

Слова «аўтакефалія» няма ў рашэньнях, прынятых Саборам. УПЦ МП яго ўсяляк пазьбягае, бо за 30 гадоў царкоўнага супрацьстаяньня Маскоўскага і Кіеўскага патрыярхатаў яно набрала нэгатыўных канатацый з пазыцыі аднаго з бакоў. Справа ў тым, што Ўкраінская царква імкнулася да аўтакефаліі яшчэ з пачатку 90-х, калі ёю кіраваў мітрапаліт Філарэт. Аднак яго спробы ў Маскве асудзілі, яго самога аддалі анафэме, а само слова «аўтакефалія» пачалі зьвязваць з расколам і канфліктамі — хоць сам па сабе гэты тэрмін нэўтральны і абазначае толькі незалежны статус царквы.

Не заяўляючы прама пра аўтакефалію, Памесны сабор УПЦ гэтым разам ужыў словы «самастойная і незалежная». З аднаго боку, гэта выглядае як заява на аўтакефалію. З другога боку, УПЦ МП была «самастойнай і незалежнай» яшчэ з 1990 году, але пры гэтым не аўтакефальнай.

Памесны сабор таксама пастанавіў, што з гэтага часу УПЦ МП будзе самастойна варыць міра (духмяны алей, які выкарыстоўваецца падчас багаслужбаў), а не атрымліваць яго з Масквы, як раней. Гэта таксама важны пункт, бо самастойнае міраварэньне — адзін з фактараў незалежнасьці. Аднак гэта не азначае, што цэрквы, якія ня вараць самі міра, не зьяўляюцца аўтакефальнымі. Напрыклад, Ерусалімскі патрыярхат, а таксама аўтакефальныя цэрквы Грэцыі, Альбаніі, Кіпра і Украіны (ПЦУ) ня вараць міра самі, а атрымліваюць яго ад Сусьветнага патрыярха. З другога боку, у Кіева-Пячэрскай ляўры да рэвалюцыі 1917 году існавала старажытная традыцыя міраварэньня, хоць Кіеўская мітраполія і не была тады аўтакефальнай.

Ці выйшла УПЦ з Маскоўскага патрыярхату?

Пакуль незразумела. У пастанове Памеснага сабору няма прамой заявы аб тым, што УПЦ МП выходзіць са складу РПЦ. Фармальна УПЦ МП, нават будучы «самастойнай і незалежнай», можа заставацца ў складзе РПЦ. Аднак, калі яна афіцыйна стане аўтакефальнай, тады яна ўжо ня зможа знаходзіцца ў рамках Маскоўскага патрыярхату. Але аднаго абвяшчэньня новага статусу мала; трэба, каб яго прызналі іншыя. І, хутчэй за ўсё, ні Масква, ні Канстантынопаль такога статусу не прызнаюць. РПЦ не захоча адпускаць свой філіял, які складае траціну ўсіх грамадаў, а Сусьветны патрыярх прызнае ва Ўкраіне толькі адну аўтакефальную царкву — ПЦУ.

Цяпер сытуацыю з УПЦ МП можна параўнаць з мадэльлю сьвецкай фэдэрацыі: у субʼекта ёсьць усе фармальныя органы самастойнай улады, аднак ёсьць і фэдэральныя структуры. Для УПЦ МП такімі фэдэральнымі структурамі зьяўляюцца Сынод і Саборы РПЦ. Пры гэтым субʼекты фэдэрацыі могуць лічыцца «самастойнымі і незалежнымі» ў яе складзе — да таго часу, пакуль яны не абвяшчаюць дзяржаўны сувэрэнітэт.

Замежныя прыходы прыкмета незалежнасьці?

Адным з важных пунктаў зьменаў стала рашэньне аб адкрыцьці прыходаў УПЦ МП за мяжой, у месцах кампактнага пражываньня дыяспары. Справа ў тым, што гэта яшчэ адна прэрагатыва аўтакефальнай царквы. Кожная нацыянальная праваслаўная царква імкнецца духоўна акармляць сваю дыяспару і такім чынам утрымліваць яе сяброў ад поўнай асыміляцыі ў іншакультурнай прасторы. Такія дыяспарныя прыходы ёсьць у Расейскай, Грузінскай, Баўгарскай, Сэрбскай, Румынскай і Македонскай цэркваў. Аднак астатнія цэрквы (Канстантынопальская, Александрыйская, Ерусалімская, Кіпрская і Эладзкая) складаюцца з этнічных грэкаў — гэта значыць фактычна пяць розных цэркваў прадстаўляюць адзін этнас. Таму яны вырашылі, што за межамі гэтых цэркваў грэцкай дыяспарай будзе кіраваць толькі Канстантынопальскі патрыярх. Аднак, акрамя грэцкай дыяспары, Канстантынопаль настойвае на сваім праве акармляць усю дыяспару ў прынцыпе: маўляў, праваслаўе ня дзеліцца па нацыянальнай прыкмеце, а строга па тэрытарыяльнай. Па гэтай лёгіцы кожная памесная царква мае свае межы, а ўсё, што за імі, павінна падлягаць юрысдыкцыі Канстантынопаля. Многія цэрквы з гэтым ня згодныя. Праваслаўная царква Ўкраіны да атрыманьня Томасу мела шэраг суполак у Эўропе і ЗША і вымушана была адмовіцца ад іх на карысьць Канстантынопаля ў абмен на прызнаньне аўтакефаліі.

УПЦ МП раней не магла ствараць прыходаў за мяжой, а, напрыклад, украінскіх працоўных мігрантаў акармлялі сьвятары РПЦ. Гэта не падабалася Кіеву, паколькі духавенства РПЦ, з аднаго боку, засьцерагала іх ад духоўнай асыміляцыі, але скіроўвала ў іншы бок – у бок расейскай самаідэнтычнасьці. Актыўныя спробы дабіцца права на дыяспару рабіў папярэдні кіраўнік УПЦ МП мітрапаліт Уладзімір (Сабадан), аднак з прычыны агульнай праўкраінскасьці ў Маскве яму адмовілі. Цяперашні мітрапаліт Ануфрый (Бярозаўскі) перш не вызначаўся актыўнай праўкраінскай пазыцыяй і пытаньнямі дыяспары не цікавіўся. Аднак Масква дала невялікія саступкі праз галаву Ануфрыя аднаму зь яго падначаленых: заўзятаму крытыку нядаўняга Сабору і аднаму з самых прарасейскіх герархаў ва Ўкраіне, запароскаму мітрапаліту Луку (Каваленку), дазволілі адкрыць некалькі суполак у Швэцыі.

Назіральнікі адзначаюць, што, як і рашэньне аб міраварэньні, адкрыцьцё прыходаў за мяжой азначае ня столькі апазыцыю РПЦ, колькі чарговы выпад Украінскай праваслаўнай царквы супраць аўтакефальнай ПЦУ — якая статусам вышэйшая, але такіх прывілеяў ня мае.

Ці будуць ва Ўкраіне маліцца за патрыярха Кірыла?

У рашэньнях Памеснага сабору Ўкраінскай праваслаўнай царквы таксама ўказваецца, што ад гэтага часу суполкі УПЦ МП перастануць маліцца за патрыярха Кірыла. Гэта, мабыць, адзіная зьмена, якую прыхаджане адчуюць на практыцы, паколькі пытаньні царкоўнага статуту шараговых вернікаў практычна ніяк не датычацца і большасьць з прыхаджан наогул ніколі не чыталі статут.

Застаецца адкрытым пытаньне аб памінаньні патрыярха Кірыла самім мітрапалітам Ануфрыем, бо, паводле канонаў, менавіта Ануфрый павінен памінаць свайго начальніка, а вось малітвы шараговых грамадаў не абавязковыя. Менавіта такая сыстэма дзейнічае ў грэцкіх цэрквах: кожная грамада памінае свайго абласнога мітрапаліта, а той ужо памінае патрыярха. Калі Ануфрый адмовіцца ад памінаньня патрыярха Кірыла, то гэта будзе азначаць, што ён больш яму не падпарадкоўваецца і фактычна выйшаў са складу РПЦ.

Не тлумачачы пакуль, што будзе са згадваньнем Кірыла, ва УПЦ МП ужо заяўляюць, што Ануфрый будзе памінаць кіраўнікоў іншых праваслаўных цэркваў. Такое памінаньне — гэта таксама паказчык незалежнасьці, прэрагатыва кіраўнікоў аўтакефальных цэркваў згадваць роўных сабе. Да таго ж для Ануфрыя пытаньне памінаньня іншых патрыярхаў ускладняецца яшчэ і тым, што зь некалькімі зь іх Маскоўскі патрыярхат разарваў зносіны пасьля атрыманьня незалежнасьці ў 2019 годзе Праваслаўнай царквой Украіны (ПЦУ): гаворка ідзе аб Канстантынопальскім і Александрыйскім патрыярхах, а таксама аб кіраўніку Элядзкай царквы. Прычым сам Ануфрый гэта зрабіў двойчы: першы раз на Сынодзе ў Маскве, другі — на Сынодзе ў Кіеве. Гэта адбылося таму, што кіеўскі Сынод на мясцовым узроўні дубляваў санкцыі Сыноду Маскоўскай патрыярхіі.

Ці праўда, што ПЦУ таксама моліцца за Кірыла?

Прадстаўнікі УПЦ МП у спрэчках з апанэнтамі з Праваслаўнай царквы Ўкраіны ўказвалі ім на тое, што кіраўнік гэтай царквы мітрапаліт Эпіфаній таксама моліцца за патрыярха Маскоўскага Кірыла. Эпіфаній сапраўды за набажэнствам памінаў патрыярха Кірыла, але не як падначалены старэйшага, а як роўны роўнага. Гэта прэрагатыва кіраўнікоў аўтакефальных цэркваў. Сапраўды, гэтак жа — як роўнага — Кірыла памінаюць Сусьветны, Ерусалімскі, Грузінскі, Сэрбскі або Баўгарскі патрыярхі. Ва УПЦ жа да апошняга часу Кірыла паміналі менавіта як свайго кіраўніка, у кожнай парафіі.

Канец спрэчкам паклала вайна: мітрапаліт Эпіфаній перастаў памінаць патрыярха Кірыла пасьля пачатку поўнамаштабнага нападу Расеі на Ўкраіну 24 лютага 2022 году.

Як на адмову УПЦ адрэагавалі ў Маскве?

З боку Маскоўскай патрыярхіі прагучала надзіва стрыманая рэакцыя на адмову УПЦ ад Расейскай праваслаўнай царквы. Мітрапаліт Іларыён Алфееў заявіў аб тым, што нічога экстраардынарнага не адбылося, што УПЦ МП толькі чарговы раз пацьвердзіла свой ужо наяўны статус. Сьпікер РПЦ Уладзімір Лягойда паведаміў, што Царква ня будзе камэнтаваць рашэньняў, паколькі афіцыйна УПЦ МП не зьвярталася да патрыярха ў пытаньні перагляду яе статуса.

Адзіным, хто адрэагаваў жорстка і агрэсіўна, стаў Аляксандар Шчыпкоў – намесьнік Лягойды, які апошнім часам займае нішу «царкоўнага Жырыноўскага», гэта значыць робіць максымальна рэзкія і правакатыўныя заявы. Ён назваў рашэньне расколам, а «заказчыкам расколу» Д— Дзярждэп ЗША. Аднак празь некалькі гадзін яго пост быў выдалены.

Калі стане зразумела, ці «сышла» УПЦ ад Маскоўскай патрыярхіі?

Назіральнікі адзначаюць, што «адмова» ад РПЦ, якая гучна прагучала ў навінах, пакуль не праясьняе, наколькі сурʼёзныя намеры Ўкраінскай праваслаўнай царквы «разьвесьціся» з Маскоўскай патрыярхіяй, ці гэтыя заявы могуць быць свайго роду спэцапэрацыяй па прыкрыцьці сувязяў з Масквой, якія захоўваюцца. Ня ўнесла яснасьці і сама патрыярхія, якая робіць выгляд, што нічога істотнага не адбылося. Пакуль рашэньні УПЦ МП выглядаюць як гібрыдныя і кожны бок можа ўбачыць у іх тое, што хоча: прамаскоўская партыя будзе настойваць на тым, што фармальна УПЦ МП ня выйшла з РПЦ, а праўкраінская партыя будзе казаць, што іх з РПЦ нічога ня зьвязвае. І, як ні парадаксальна, абодва бакі будуць фактычна мець рацыю, прынамсі да таго часу, пакуль ня будзе апублікаваны канчатковы тэкст новага Статуту УПЦ МП.

  • На богаслужбе ў нядзелю, 29 траўня, мітрапаліт Ануфрый сапраўды згадаў усіх кіраўнікоў цэркваў, акрамя тых, з кім разарваў зносіны. На мове царкоўнага пратакола гэта азначае, што цяпер Ануфрый стаў сапраўды незалежным, а УПЦ МП аўтакефальнай. Аднак пакуль гэта толькі самаабвешчаная аўтакефалія. Ці прызнае яе хто-небудзь зь іншых цэркваў, невядома.

Што такое томас і аўтакефалія — тлумачым папулярна

6 студзеня 2019 году ў Стамбуле Ўсяленскі патрыярх Варфаламей уручыў томас аб аўтакефаліі кіраўніку Праваслаўнай царквы Ўкраіны мітрапаліту Кіеўскаму і ўсяе Ўкраіны Эпіфанію.

Што гэта азначае

  • Томас (грэц. τόμος) — указ кіраўніка памеснай праваслаўнай царквы ў важных пытаньнях царкоўнага ўладкаваньня або веравучэньня.
  • Аўтакефалія (ст.грэц. αὐτοκεφαλία) — самастойнасьць памеснай царквы, адміністрацыйна незалежнай ад іншых праваслаўных цэркваў, але адзінай зь імі кананічна.

Найноўшая перадгісторыя

  • У красавіку 2018 году прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка зьвярнуўся да Варфаламея з просьбай выдаць томас аб аўтакефаліі царквы ва Ўкраіне і абвясьціў аб намеры стварыць «адзіную памесную царкву». Вярхоўная Рада зварот прэзыдэнта падтрымала.
  • 10 верасьня 2018 году патрыярх Варфаламей накіраваў у Кіеў двух экзархаў, якія меліся падрыхтаваць глебу для стварэньня аўтакефальнай царквы.
  • 11 кастрычніка сынод Канстантынопальскага патрыярхату ў Стамбуле пазбавіў юрыдычнай сілы свой указ ад 1686 году аб перадачы Кіеўскай мітраполіі Маскве, абвясьціў аб стварэньні свайго падвор’я ў Кіеве і рэабілітаваў лідэраў раней непрызнаных Украінскай праваслаўнай царквы (Кіеўскага патрыярхату) і Ўкраінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.
  • 15 сьнежня 2018 году аб’яднаўчы сабор трох праваслаўных цэркваў Украіны абвясьціў аб стварэньні адзінай памеснай праваслаўнай царквы. Яе ў сане мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Ўкраіны ўзначаліў мітрапаліт Пераяслаўскі і Белацаркоўскі Эпіфаній (Думенка).

Рэакцыя Масквы

  • Маскоўскі патрыярхат рэзка адмоўна паставіўся да захадаў Канстантынопальскага патрыярха ў справе стварэньня адзінай памеснай царквы Ўкраіны, разарваў з Канстантынопалем эўхарыстычныя дачыненьні і зьвярнуўся да кіраўнікоў іншых праваслаўных цэркваў сьвету з заклікам не ўступаць у зносіны з створанай ва Ўкраіне новай праваслаўнай царквой.
  • Да пазыцыі патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла далучыўся і беларускі экзархат РПЦ. Сынод экзархату выступіў з адпаведнай заявай.
  • 2 лістапада 2018 году прадстаўнік Канстантынопальскага патрыярха пры Сусьветнай радзе цэркваў архіяпіскап Ёў (Геча) заявіў, што не выключае магчымасьці наданьня аўтакефаліі царкве ў Беларусі — калі папросяць царква і дзяржава.

Становішча ў сусьветным праваслаўі

Да наданьня аўтакефаліі Праваслаўнай царкве Ўкраіны ў сьвеце было 14 прызнаных аўтакефальных цэркваў. Паводле праваслаўнага Дыптыху, яны разьмяшчаюцца ў наступнай герархіі:

  • Канстантынопальская (больш як 2 млн чалавек)
  • Александрыйская (больш як 6,5 млн чалавек)
  • Антыяхійская (1 млн 370 тыс. чалавек)
  • Ерусалімская (130 тыс. чалавек)
  • Руская (найбуйнейшая, каля 130 млн чалавек)
  • Грузінская (4 млн чалавек)
  • Сэрбская (10 млн чалавек)
  • Румынская (16 млн чалавек)
  • Баўгарская (8 млн чалавек)
  • Кіпрская (420 тыс. чалавек)
  • Элядзкая (8 млн чалавек)
  • Альбанская (700 тыс. чалавек)
  • Польская (500 тыс. чалавек)
  • Чэскіх земляў і Славаччыны (150 тыс. чалавек)

Прыклады наданьня томасаў:

  • 1686 год — Канстантынопальскі патрыярх Дыянісі IV выдаў томас аб перадачы Кіеўскай мітраполіі Маскоўскай патрыярхіі (11 кастрычніка 2018 году сынод Канстантынопальскага патрыярхату скасаваў гэтае рашэньне).
  • 1923 год — патрыярх Канстантынопальскі Мялеці IV выдаў томас аб аўтаноміі Эстонскай праваслаўнай царквы і прыняў яе ў сваю юрысдыкцыю.
  • 1924 год — патрыярх Канстантынопальскі Грыгор VII падпісаў томас аб наданьні аўтакефаліі Праваслаўнай царкве ў Польшчы (Заходняя Беларусь і Заходняя Ўкраіна).
  • 1994 год — патрыярх Маскоўскі Аляксій II выдаў томас аб наданьні Малдаўскай праваслаўнай царкве аўтаноміі.
  • 1998 год — патрыярх Канстантынопальскі Варфаламей выдаў томас аб аўтакефаліі Праваслаўнай царквы Чэскіх земляў і Славаччыны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG