Ціск на палітзьняволенага анархіста Мікіту Емяльянава не спыняецца — хлопец знаходзіцца ў карцары ўжо 30 дзён запар. Усяго з пачатку 2022 году Мікіта правёў у карцары 122 дні. На чарговыя 10 сутак яго пакаралі 24 траўня за адмову прыбраць дворык за іншымі асуджанымі, піша Dissident.by.
Пры гэтым яшчэ на працягу 2021 году Емяльянаў знаходзіўся ў карцары або ШЫЗА агулам больш за паўгода.
На пачатку траўня ініцыятыва дапамогі палітвязьням таксама паведамляла, што ў Мікіты Емельянава зьявіліся вялікія праблемы з суставамі, ён ня мог устаць з ложка, на што турэмнікі прапанавалі яму прайсьці ў карцар і «зьмяніць абстаноўку». Мясцовыя мэдыкі выдалі палітвязьню ібупрафэн.
У карцары Мікіту Емяльянава ўтрымлівалі ў жорсткіх умовах (без пасьцельнай бялізны, штодзённых прагулак і доступу да неабходнай мэдыцыны).
11 сакавіка Мікіту Емяльянава асудзілі паводле арт. 411 КК на 2 гады пазбаўленьня волі. Агульны тэрмін — 6 гадоў пазбаўленьня волі.