Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Стамбуле прайшла шматтысячная акцыя пратэсту супраць прысуду апазыцыйнаму палітыку, якую асудзілі за абразу Эрдагана


Акцыя пратэсту ў Стамбуле 21 траўня 2022, фота Reuters
Акцыя пратэсту ў Стамбуле 21 траўня 2022, фота Reuters

У Стамбуле тысячы людзей выказалі пратэст супраць судовага прысуду ў дачыненьні апазыцыйнага палітыка Джанан Кафтанджыаглу, абвінавачанай у абразе прэзыдэнта і публічным прыніжэньні дзяржавы.

Буйная акцыя пратэсту адбылася на вуліцах Стамбулу 21 траўня ў сувязі з рашэньнем суду, вынесеным у дачыненьні да апазыцыйнага палітыка, кіраўніцы стамбульскага аддзяленьня Народна-рэспубліканскай партыі (НРП), дыплямаванага лекара Джанан Кафтанджыаглу. Пратэстоўцы прадэманстравалі салідарнасьць з Кафтанджыаглу, выкрыкваючы лёзунгі з патрабаваньнем выконваць «правы, закон, справядлівасьць», піша Deutsche Welle.

Дзесяць дзён таму суд пакінуў у сіле рашэньне, у адпаведнасьці зь якім Кафтанджыаглу асуджана на 4 гады, 11 месяцаў і 20 дзён па абвінавачаньні ў абразе прэзыдэнта і публічным прыніжэньні турэцкай дзяржавы.

На акцыі пратэсту ў Стамбуле
На акцыі пратэсту ў Стамбуле

У 2019 годзе Кафтанджыаглу была асуджана амаль да 10 гадоў пазбаўленьня волі па цэлым шэрагу абвінавачаньняў, у тым ліку за абразу прэзыдэнта Рэджэпа Эрдагана і «прапагандзе тэрарызму».

Абвінавачаньні базаваліся на публікацыях Кафтанджыаглу ў сацыяльнай сетцы Twitter у пэрыяд з 2012 па 2017 гг.

Апэляцыйны суд скараціў тэрмін турэмнага зьняволеньня Кафтанджыаглу ўдвая. Па турэцкім заканадаўстве прысуд да 5 гадоў пазбаўленьня волі прыпыняецца і можа быць умоўным, таму апазыцыянэрка ня будзе заключаная ў турму. Аднак, паводле слоў яе адваката, ёй будзе забаронена займацца палітычнай дзейнасьцю на працягу 5 гадоў.

У НРП сьцьвярджаюць, што прысуд стаў рэакцыяй на тое, што ў канцы чэрвеня 2019 году прадстаўнік гэтай партыі Экрэм Імамаглу на выбарах мэра Стамбула абышоў Біналі Йылдырыма, кандыдата ад Партыі справядлівасьці і разьвіцьця (ПСР) прэзыдэнта краіны Эрдагана, што стала крыўднай паразай для кіраўніка краіны. У выніку найважнейшая пасада мэра ў Турэччыне ўпершыню за доўгі час дасталася апазыцыянэру. 50-гадовая Кафтанджыаглу аказвае падтрымку Імамаглу і лічыцца яго «правай рукой».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG