Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 19 траўня: ператрус у Хацежыне пад Менскам; скончылі сьледзтва ў справе актывісткі БСДП


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманьні, ператрусы, катаваньні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязьняў, ліквідуюцца грамадзкія аб’яднаньні. Апошнім часам працягнуўся наступ на незалежны прафсаюзны рух.

Кіраўніку Беларускага незалежнага прафсаюза прысудзілі 15 дзён арышту за фота ў Фэйсбуку

Кіраўнік Беларускага незалежнага прафсаюзу Максім Пазьнякоў атрымаў 15 дзён адміністрацыйнага арышту за фота ў Фэйсбуку. На ім былі сьцяг Украіны і фраза «за незалежнасьць», паведамляе тэлеграм-канал Свабодны прафсаюз.

Максіма Пазьнякова затрымалі раніцай 17 траўня ля дзіцячага сада, куды ён адводзіў дзяцей.

СК завёў справу на беларуса, які абліў фарбай беларускі дзяржаўны сьцяг у ЗША

Паводле дадзеных сьледзтва, 28-гадовы грамадзянін Беларусі, знаходзячыся ў ЗША, абліў фарбай дзяржаўны беларускі сьцяг, вывесіў пад ім таблічку country agressor Belarus і разьмясьціў побач бел-чырвона-белы сьцяг. Усё гэта здымалася на відэа, паведамляе СК. На мужчыну завялі крымінальную справу па арт. 370 КК (зьдзек зь дзяржаўнага сьцяга). Паводле СК, у 2020 годзе ён ужо прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасьці за пратэсты.

Мянчанку затрымалі за бел-чырвона-белыя шторы – на яе завялі крымінальную справу

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманьне жыхаркі Менску Алены Жарынай. У «пакаяльным відэа» жанчына «прызнаецца» ў тым, што павесіла бел-чырвона-белыя шторы, а таксама ўдзельнічала ў акцыях пратэсту ў жніўні 2020 году.

Алене інкрымінаваны артыкул 342 КК Беларусі (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак альбо актыўны удзел ў іх).

Прызначылі дату суду над сябрам Прэзыдыюму БСДП Людмілай Волкавай

Вядома, што сьледзтва завершана і яе вінавацяць у 9 эпізодах удзелу ў масавых акцыях пасьля прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году ў межах арт. 342 КК РБ, піша «Вясна». Актывістка БСДП з 19 студзеня знаходзіцца пад вартай. Яе затрымалі на працы.

У БСДП лічаць, што нефармальнай прычынай для затрыманьня стала скарга Людмілы Волкавай у пракуратуру, у якой яна прасіла вярнуць ёй канфіскаваную больш за год таму тэхніку: кампутар і смартфон.

Пасьля ператрусаў у Хацежыне затрымалі Цімура Валошына

У пасёлку Хацежына Менскага раёну 18 траўня АМАП затрымаў Цімура Валошына. Яго даставілі ў Ленінскі РУУС Менску, а затым у ІЧУ на Акрэсьціна.

Па месцы жыхарства затрыманага, а таксама дома ў бацькоў і роднага брата, прайшлі ператрусы. Пасьля апытаньня сваякоў адпусьцілі. Канфіскавалі тэхніку. Прычыны затрыманьня пакуль невядомыя.

Па непацьверджанай інфармацыі, гаворка можа ісьці пра сакратара амбасады Беларусі ў Японіі Цімура Валошына.

Звальненьне сьвятара з прыходу

Ярэя Андрэя Ноздрына, настаяцеля праваслаўнага прыходу ў Альшанцы на Горадзеншчыне, вызвалілі з пасады. Пра гэта Ноздрын паведаміў на сваёй старонцы ў Instagram. Такі ўказ ярэй атрымаў 18 траўня.

У пачатку месяца з Ноздрыным правялі «прафіляктычную гутарку». Праўладная актывістка Вольга Бондарава, якая паскардзілася на сьвятара, у сваім канале абвінаваціла яго ў тым, што ён нібы выступаў за «дзяржаўны пераварот», рэпосьціў «экстрэмісцкія матэрыялы».

У Brø bakery сапраўды прыходзілі і затрымалі супрацоўніка

Сілавікі прыйшлі ў менскую пякарню Brø bakery 18 траўня і затрымалі яе супрацоўніка Дзяніса Коршуна.

Пра візыт сілавікоў у Brø bakery напісалі многія тэлеграм-каналы, аднак пазьней зьявілася інфармацыя, што затрыманьне не пацьвердзілася. Аднак пасьля таго зь Дзянісам Коршунам зьявілася «пакаяльнае» відэа ў праўладных ТГ-каналах. Пэўна, яго затрымалі паводле артыкулу 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

Затрыманьне музэйнай супрацоўніцы ў Дзень музэяў

18 траўня ў Гомлі сілавікі затрымалі навуковую супрацоўніцу Веткаўскага музэю стараабрадніцтва Вольгу Афанасьеву.

Адміністрацыйная справа ў дачыненьні Афанасьевай разглядалася ў Савецкім раённым судзе Гомля, аднак, чым скончыўся разгляд, пакуль невядома, паведаміў тэлеграм-канал «Штодзень».

Палітвязьню Арцёму Касакоўскаму, асуджанаму да 5 гадоў калёніі, пракурор запрасіў яшчэ 1,5 года

У судзе Лідзкага раёну 19 траўня пачаўся разгляд новай крымінальнай справы супраць 23-гадовага палітвязьня Арцёма Касакоўскага, паведамляе «Вясна». Ён адбываў тэрмін у 5 гадоў зьняволеньня па менскай «справе чата» ў наваполацкай калёніі, але цяпер яго судзяць за ўдзел у акцыях пратэсту ў родным горадзе Ліда ў жніўні 2020 году.

Цяпер па тых падзеях яму выставілі абвінавачваньне па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: арт. 341 (апаганьваньне або зьнішчэньне маёмасьці), ч. 1 арт. 342 (удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак), арт. 364 (гвалт альбо пагроза прымяненьня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).

Віну Арцём прызнаў, але растлумачыў, што на прыпынках маляваў бел-чырвона-белыя сьцягі, каб «людзі не забывалі».

«Вядома, ён не чакаў, што запытаюць такі тэрмін, прям зьбялеў, калі абвінаваўца заявіў. Але выгляду не падаў.

З каледжа прыйшоў ліст, патрабуюць пакрыць сродкі, выдаткаваныя на яго навучаньне, бо не адпрацаваў два гады. Сын вучыўся на павышаную стыпэндыю, быў прафоргам групы, усюды на добрым рахунку. Сёньня зачытвалі характарыстыку зь месца працы, вельмі добра агукаюцца пра яго», — распавяла маці Арцёма.

Прысуд будзе абвешчаны 20 траўня ў 16:00.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG