Амбасады Расеі і Беларусі ўпершыню ня былі запрошаныя не жалобную цырымонію. Яна праводзіцца штогод у трэцюю нядзелю траўня і на мерапрыемства традыцыйна запрашаюць усіх дыпляматаў, акрэдытаваных у Чэхіі.
Пра нежаданьне ўладаў краіны бачыць на штогадовым мерапрыемстве беларускіх і расейскіх дыпляматаў стала вядома яшчэ ў красавіку.
Беларусь у выніку прадстаўляла прадстаўніца беларускай нацыянальнай меншасьці ў Чэхіі Крысьціна Шыянок, якую ў якасьці госьці запрасіла дырэкцыя мэмарыяла ў Тэрэзіне.
У шэсьці беларуская прадстаўніца ішла побач з Джамілай Стэглікавай, былой чэскай міністаркай па правах чалавека і нацыянальных меншасьцяў. Як сказала Крысьціна Шыянок Свабодзе, яе ўдзел у цырымоніі зьяўляецца адным з практычных вынікаў апошняга афіцыйнага візіту Сьвятланы Ціханоўскай ў Прагу і працы яе Офіса.
Агульным матывам усіх выступаў была вайна ва Ўкраіне. Паводле старшыні Сэнату парлямэнту Чэскай Рэспублікі Мілаша Выстрчыла, Тэрэзін зьяўляецца ня толькі месцам, якое нагадвае жахі нацысцкага тэрору, але павінна быць і папярэджаньнем, каб не паўтараць падобных рэчаў.
«Мы знаходзімся ў месцы, спадзяюся, былога зла, прыніжэньня і нянавісьці, месцы, якое стала ваеннай гісторыяй, сымбалем і засьцярогай. Але таксама мы знаходзімся ў месцы, якое сёньня папярэджвае, нагадвае і заклікае». — сказаў старшыня Сэната.
Падчас Другой сусьветнай вайны ў Тэрэзіне было заснаванае «ўзорнае гета», у якім знаходзілася каля 140 000 чалавек (зь іх 33 000 памерлі падчас знаходжаньня ў гета). Нямецкія ўлады разглядалі Тэрэзін як часовае месцазнаходжаньне для габрэяў ажно да «канчатковага рашэньня», таму каля 88 000 насельнікаў Тэрэзіна былі паступова дэпартаваныя ў Асьвенцым і іншыя лягеры смерці. Да канца вайны ў гета знаходзілася 17 247 чалавек, якія выжылі.
Частка крэпасьці была аддзеленая ад гета і служыла як турма гестапа, празь якую за гады вайны прайшло каля 90 000 чалавек, з іх 2600 памерлі там жа. Тэрэзін быў вызвалены савецкімі войскамі 9 траўня 1945 года.