Прэзыдэнт і кіраўніца ўраду Фінляндыі Саўлі Нійністэ і Санна Марын у супольнай заяве паведамілі, што Фінляндыя неўзабаве накіруе заяўку на ўступленьне ў Паўночна-атлянтычны альянс.
«Цяпер, калі набліжаецца момант прыняцьця рашэньня, мы заяўляем аб кансалідаванай пазыцыі дэпутацкіх груп і партый. Сяброўства ў NATO узмацніла б бясьпеку Фінляндыі.
Як чалец NATO Фінляндыя ўзмацніла б увесь абаронны альянс. Фінляндыя павінна неадкладна падаць заяўку на ўступ у NATO. Мы спадзяёмся, што нацыянальныя крокі, якія яшчэ неабходныя для ўхваленьня гэтага рашэньня, будуць зробленыя хутка, у наступныя некалькі дзён», — адзначаецца ў супольнай заяве кіраўніцтва краіны.
У дакумэнце, апублікаваным 12 траўня на афіцыйным сайце ўраду Фінляндыі, адзначаецца, што гэтае рашэньне ўхвалена на падставе ўнутрыдзяржаўнай дыскусіі, якая адбылася вясной, а таксама па выніках кантактаў з NATO і чальцамі арганізацыі і з Швэцыяй.
Аналягічнае рашэньне найбліжэйшым часам, як чакаецца, абвесьціць і Швэцыя.
Раней ЗША і Вялікая Брытанія паабяцалі гэтым краінам дапамогу ў выпадку агрэсіўных дзеяньняў з боку Расеі.
NATO плянуе правесьці ў траўні вучэньні Exercise Hedgehog. Яны пройдуць на тэрыторыі ад Фінляндыі на поўначы да Паўночнай Македоніі на поўдні.
Дзясяткі тысяч вайскоўцаў з краін NATO, а таксама Швэцыі і Фінляндыі, возьмуць удзел у найбуйнейшых з часоў халоднай вайны вучэньнях Exercise Hedgehog ва Ўсходняй Эўропе.