Міждзяржаўная дамова аб аб’яднаным рынку электраэнэргіі «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі гатовая для падпісаньня, сам рынак павінен пачаць працу з 1 студзеня 2024 году, паведаміў у праграме «Галоўны этэр» на тэлеканале «Беларусь-1» міністар энэргетыкі Віктар Каранкевіч.
«Пачатак функцыянаваньня рынку плянуецца з 1 студзеня 2024 году, і тут купля-продаж будуць ажыцьцяўляцца праз упаўнаважаныя суб’екты гаспадараньня — па адным ад кожнага боку. З 2025 году аб’яднаны рынак электрычнай энэргіі „саюзнай дзяржавы“ павінен быць сынхранізаваны з працай рынку электрычнай энэргіі Эўразійскага эканамічнага зьвязу», — сказаў міністар.
Паводле чыноўніка, праект міждзяржаўнай дамовы павінен прайсьці ўнутрыдзяржаўныя працэдуры. Гэтым дакумэнтам будуць замацаваны прававыя асновы стварэньня і функцыянаваньня аб’яднанага рынку электраэнэргіі «саюзнай дзяржавы».
«На завяршальнай стадыі знаходзіцца падрыхтоўка правіл функцыянаваньня аб’яднанага рынку электрычнай энэргіі „саюзнай дзяржавы“. І да канца году дакумэнт павінен быць падрыхтаваны для наступнага падпісаньня», — сказаў Каранкевіч.
Міністар паведаміў, што цана на расейскі газ на 2023 год павінна быць узгодненая да 1 жніўня. Да 1 ліпеня неабходна «падрыхтаваць адпаведныя прапановы і іх узгадніць у выглядзе ўжо канкрэтных прынцыпаў функцыянаваньня аб’яднанага рынку прыроднага газу. У канчатковым выглядзе гэта будзе фармалізавана як дадатак да саюзнай праграмы».