Адзначаецца, што год таму расейскія праваахоўнікі затрымалі Саўціна на падставе запыту беларускага боку ў сувязі з абвінавачваньнямі паводле шэрагу крымінальных артыкулаў. «Тры з чатырох артыкулаў былі зьнятыя ў выніку праверкі фактаў расейскім бокам, — паведамілі ў БСДП. — На гэты момант ён знаходзіцца ў Калінінградзе пад падпіскай аб нявыезьдзе. Абвінавачаньні паводле чацьвёртага артыкула — „Махлярства“ — яму да гэтага часу ня выставілі».
«Паводле Івана, яму вельмі дапамог зварот у Эўрапейскі суд правоў чалавека [аб забароне экстрадыцыі], да яго прыслухаліся ў Расеі», — адзначылі ў партыі.
Іван Саўцін браў удзел у пратэстах у Гомлі і вобласьці ў 2020 годзе. Восеньню 2020-га Саўціна двойчы затрымлівалі і арыштоўвалі на 15 сутак. Пазьней на яго завялі некалькі крымінальных справаў, у тым ліку паводле артыкулаў аб паклёпе і заведама лжывым паведамленьні пра тэракт. Мужчына зьехаў у Расею і папрасіў прытулку з прычыны палітычнага перасьледу.
У лютым 2021 году на Саўціна ў Беларусі завялі крымінальную справу паводле артыкулу аб махлярстве ў асабліва буйным памеры, што дазволіла патрабаваць яго выдачы. Мужчыну затрымалі, Генэральная пракуратура РФ пагадзілася яго экстрадаваць. Саўцін і яго абарона аспрэчвалі гэтае рашэньне, пакуль ня мінуў вызначаны расейскім заканадаўствам максымальны тэрмін утрыманьня пад вартай.