Ад сёньня расейскі «Газпром» спыніў пастаўкі газу ў Польшчу і Баўгарыю, якія не пагадзіліся на выстаўленыя расейскім бокам новыя ўмовы аплаты.
Урзуля фон дэр Ляен назвала гэта «чарговай правакацыяй з боку Крамля» і абвінаваціла Маскву ў выкарыстаньні газу для «шантажу» ЭЗ.
«Гэта тое, да чаго рыхтавалася Эўрапейская камісія ў цеснай каардынацыі і салідарнасьці зь дзяржавамі-сябрамі і міжнароднымі партнэрамі, — цытуе кіраўніцу Эўракамісіі Reform.by. — Наш адказ будзе неадкладным, адзіным і скаардынаваным. Па-першае, мы забясьпечым, каб рашэньне „Газпрома“ аказала як мага меншы ўплыў на эўрапейскіх спажыўцоў. Сёньня дзяржавы-чальцы сустрэліся ў Каардынацыйнай групе па газе. Польшча і Баўгарыя праінфармавалі нас аб сытуацыі. І Польшча, і Баўгарыя зараз атрымліваюць газ ад сваіх суседзяў па ЭЗ», — заявіла фон дэр Ляен.
Таксама яна адзначыла неабходнасьць надзейных энэргетычных партнэраў, паабяцаўшы канец эры расейскага выкапнёвага паліва ў Эўропе, абавязалася забясьпечыць плян на сярэднетэрміновую пэрспэктыву для дастатковых паставак і захоўваньня газу і выказала надзею на інвэстыцыі ў «зялёны пераход».
«Кожнае эўра, якое мы інвэстуем у аднаўляльныя крыніцы энэргіі і энэргаэфэктыўнасьць, — гэта першы ўнёсак у нашу будучую энэргетычную незалежнасьць», — заявіла яна.
Міністарка Фінляндыі ў справах ЭЗ Ціці Тупурайнэн сёньня паведаміла, што Фінляндыя ня будзе аплочваць расейскі газ у расейскіх рублях, і ацаніла патрабаваньне Масквы як шантаж — «частку геапалітычных намаганьняў Расеі».
- У канцы сакавіка прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін паведаміў, што падпісаў указ, паводле якога так званыя варожыя краіны павінны плаціць за расейскі газ выключна ў расейскіх рублях. Большасьць краін Эўразьвязу не пагадзіліся на гэты дыктат.