Як вядома, Лукашэнка на нарадзе 19 красавіка абвясьціў курс на ўзмацненьне палітычных рэпрэсій. Адным з элемэнтаў такога трэнду сталі крокі ў напрамку больш жорсткага рэпрэсіўнага заканадаўства.
27 красавіка Палата прадстаўнікоў ухваліла сьмяротнае пакараньне за «спробу ўчыненьня актаў тэрарызму». Прычым варта зьвярнуць увагу на тое, што гэтыя заканадаўчыя навацыі ладзяцца ў фарсаваным рэжыме. Законапраект аб зьмяненьні Крымінальнага кодэксу быў ухвалены адразу ў двух чытаньнях.
Заўважце, сьмяротнае пакараньне прадугледжваецца не за сам акт тэрарызму, а толькі за спробу яго ўчыненьня. У зьвязку з тым, што ў Беларусі паняцьце тэрарызму трактуецца ўладамі надзвычай шырока, да яго можна прышпіліць любую апазыцыйную дзейнасьць. У прыватнасьці, удзел у пратэстах. Напрыклад, абвінавачаньні па «тэрарыстычных» артыкулах Крымінальнага кодэксу выставілі палітычным дзеячам Паўлу Латушку і Сьвятлане Ціханоўскай.
Таксама ўхвалілі законапраект, які дазволіць унутраным войскам прымяняць баявую зброю для спыненьня «масавых беспарадкаў». Як вядома, у Беларусі масавымі беспарадкамі лічацца мірныя пратэсты.
Прысуды па «палітычных справах», падчас якіх апазыцыянэрам давалі тэрміны ад 10 да 18 гадоў, ужо назвалі «сталінскімі». Менавіта такія тэрміны прысуджалі грамадзянам СССР у 1930–1950-я гады. Цяпер можна гаварыць пра зьяўленьне «сталінскага заканадаўства». Беларусь пасьлядоўна вяртаюць у тыя змрочныя часы.
Узьнікае лягічнае пытаньне: чаго раптам? Масавыя пратэсты здушаныя. Здавалася б, вонкава ніякіх бачных пагрозаў існаму рэжыму не заўважна. Чаго мітусіцца, ціснуць на сілавікоў, прымаць гэтыя драконаўскія законы?
Мяркую, акрамя натуральнага інстынкту самазахаваньня, улады бачаць, што ў асяродзьдзі пратэставага грамадзтва ўзмацняюцца радыкальныя настроі. Яны адлюстроўваюцца ў сацыяльных сетках. Там ідуць дыскусіі наконт таго, што мірны пратэст 2020 году быў памылкай, варта было дзейнічаць больш рашуча. Акты сабатажу на чыгунцы, актыўнасьць кібэрпартызан таксама падштурхоўваюць улады да ўзмацненьня рэпрэсій. Бо ў страху вочы вялікія.
Але калі адзіны спосаб камунікацыі з грамадзтвам — гэта бясконцае зацісканьне гаек, то такая сацыяльная мадэль ня мае будучыні. Будаваць у цэнтры Эўропы XXI стагодзьдзя Паўночную Карэю — значыць пазбаўляць краіну ўсялякай пэрспэктывы.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.