Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прызначылі дату суду над прадпрымальнікам з Ваўкавыску Аўтуховічам, якога абвінавачваюць у тэрарызьме


Мікалай Аўтуховіч, 2017 год
Мікалай Аўтуховіч, 2017 год

Судовы працэс пачнецца ў Горадні 16 траўня.

Пра гэта паведаміў прававабаронца Сяргей Сыс.

Міколу Аўтуховіча судзяць паводле арт. 289 Крымінальнага кодэксу («акт тэрарызму»).

Мікалая Аўтуховіча і шэраг іншых людзей затрымалі 1 сьнежня 2020 году. Улады абвясьцілі Аўтуховіча арганізатарам і кіраўніком «тэрарыстычнай групоўкі», якая нібыта дзейнічала на тэрыторыі Горадзенскай вобласьці і падпальвала аўтамабілі і дамы супрацоўнікаў міліцыі.

Пра затрыманьне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі 8 сьнежня. Паводле іх, за падпаламі дому міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якою кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч.

Усяго ў «справе Аўтуховіча» праходзяць 12 чалавек. Адзін зь іх — Уладзімер Гундар, які мае інваліднасьць. 20 траўня 2021 году яго ўжо асудзілі паводле арт. 366 Крымінальнага кодэксу (гвалт альбо пагроза ў дачыненьні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі), на тры гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

Спачатку Сьледчы камітэт пачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК (наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам). Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 (акт тэрарызму), які прадугледжвае пазбаўленьне волі да 15 гадоў.

На пачатку лютага абноўлены сьпіс арганізацый і фізычных асобаў, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці, зьявіўся на сайце КДБ Беларусі. Паводле ведамства, апроч самога Аўтуховіча, у ягоную «групу» ўваходзілі 12 чалавек. Сярод іх Сяргей Разановіч, ягоная жонка Людміла і дарослы сын Павал, якія нібыта дапамагалі Аўтуховічу хавацца ад праваахоўнікаў.

Да гэтага затрыманьня Мікалай Аўтуховіч агулам адбыў у зьняволеньні рэкордны для беларускіх палітвязьняў тэрмін — 7 гадоў і 5 месяцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG