Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьве літоўскія школы ў Беларусі абавязалі перайсьці на беларускую ці расейскую мову навучаньня


Літоўская школа ў Рымдзюнах Астравецкага раёну, 2020 год
Літоўская школа ў Рымдзюнах Астравецкага раёну, 2020 год

Раней стала вядома пра перавод на расейскую мову польскамоўных школ у Горадні і Ваўкавыску.

Зь верасьня дзьве літоўскія школы ў Беларусі будуць абавязаныя адмовіцца ад выкладаньня на літоўскай мове і перайсьці на расейскую ці беларускую, паведамляе агенцтва BNS.

«Ад беларускага боку паступіла паведамленьне, што з 1 верасьня ўсе школы для нацыянальных меншасьцяў павінны выбіраць мову навучаньня — расейскую або беларускую», — расказаў намесьнік міністра замежных спраў Літвы Эгідзіюс Мяйлунас.

Паводле яго, літоўская мова застанецца там толькі прадметам.

Цяпер у Беларусі ёсьць дзьве літоўскія школы. У Пелясе Воранаўскага раёну вучацца 127 вучняў і працуюць 23 настаўнікі, у Рымдзюнах Астравецкага раёну вучацца 82 школьнікі і працуюць 18 настаўнікаў.

Раней стала вядома, што польскамоўныя школы ў Горадні і Ваўкавыску пераводзяць на расейскую мову. Чыноўнікі спасылаліся на абноўлены Кодэкс аб адукацыі.

Згодна з 90 артыкулам Кодэксу, асноўнымі мовамі навучаньня і выхаваньня ў Беларусі зьяўляюцца дзяржаўныя мовы — беларуская і расейская.

Польскае выданьне Rzeczpospolita паведаміла, што ў школе № 36 у Горадні, дзе каля 620 дзяцей вучылася па-польску, правялі бацькоўскія сходы. На іх кіраўніцтва паведаміла, што ад наступнага навучальнага году выкладаньне на польскай мове будзе немагчымае.

Кіраўніцтва школы спаслалася на абноўлены закон аб навучаньні, паводле якога выкладаць могуць толькі на адной зь дзяржаўных моваў у Беларусі. Паводле зьвестак выданьня, навучаньне будзе праходзіць на расейскай мове.

Вывучаць польскую мову і літаратуру цяпер дзеці змогуць толькі як асобны прадмет раз на тыдзень.

Rzeczpospolita адзначыла, што падобная бацькоўская сустрэча ў хуткім часе павінна адбыцца ў польскай школе ў Ваўкавыску, дзе навучаецца каля 250 вучняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG