Кіраўнік Пэнтагону заявіў аб гэтым напярэдадні сустрэчы міністраў абароны і высокапастаўленых генэралаў з краін NATO і іх партнэраў на амэрыканскай вайсковай базе Рамштайн у Нямеччыне, на якой плянуецца абмеркаваць вайсковую дапамогу Ўкраіне.
«Гаворка ідзе аб мадэрнізацыі і аб тым, каб украінская армія заўсёды была магутнай і магла функцыянаваць у будучыні», — заявіў прадстаўнік Пэнтагону Джон Кірбі.
Пры гэтым міністар абароны ЗША дадаў, што мэта заключаецца ў паслабленьні Расеі.
«Мы хочам убачыць, што Расея аслабне да такой ступені, што яна ня зможа рабіць такія рэчы, якія яна зрабіла, уварваўшыся ва Ўкраіну, — заявіў Остын на прэс-канфэрэнцыі. — Яна ўжо страціла шмат вайсковга патэнцыялу. І шмат сваіх вайскоўцаў, шчыра кажучы. Мы хочам, каб у іх не было магчымасьці хутка аднавіць гэты патэнцыял».
«Мы хочам бачыць міжнародную супольнасьць больш згуртаванай, асабліва NATO, мы гэта бачым, і гэта заснавана на напружанай працы, па-першае, прэзыдэнта Байдэна, а таксама нашых саюзьнікаў і партнэраў», — сказаў Остын.
Белы дом заявіў у панядзелак, што Остын казаў пра «мэту ЗША не дапусьціць» захопу Ўкраіны расейскімі вайскоўцамі. Па словах Белага дома, гэта адпавядае даўнім мэтам адміністрацыі.
«Міністар Остын казаў пра нашу мэту, якая складаецца ў тым, каб не дапусьціць гэтага, — заявіла прэс-сакратар Белага дома Джэн Псакі. — Відавочна, цяпер ва Ўкраіне ідзе вайна. Мы ганарымся посьпехамі ўкраінцаў, тым, як яны даюць адпор расейскім вайскоўцам, дзякуючы іхняй адвазе і дзякуючы нашай падтрымцы. Але так, мы таксама імкнемся перашкодзіць ім (расейскім івайскоўцам. — РС) пашырыць свае намаганьні для дасягненьня шырэйшых мэт прэзыдэнта Пуціна».
Па словах Остына, украінскі бок мае патрэбу ў дальнабойнай зброі і заявіў, што мае патрэбу ў танках.
«Мы робім усё магчымае, каб даць ім тыя віды падтрымкі, тыя віды артылерыі і боепрыпасаў, якія будуць эфэктыўныя на гэтым этапе барацьбы», — заявіў міністар абароны ЗША.
Остын нагадаў, што нядаўні пакет ваеннай дапамогі ў памеры 800 мільёнаў долараў уключаў пяць батальёнаў 155-міліметровых гаўбіц і сотні тысяч артылерыйскіх снарадаў.
«Таму мы таксама працуем з нашымі калегамі ў іншых краінах для стварэньня аналягічнага патэнцыялу», — сказаў Остын.
Напярэдадні Остын сустрэўся з прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім у Кіеве. Сустрэча працягвалася больш за тры гадзіны.
Остын і дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен — найбольш высокапастаўленыя чыноўнікі адміністрацыі ЗША, якія наведалі Ўкраіну з пачатку вайны.
Дыпляматычны карэспандэнт ВВС Джэймс Лэндэйл заўважыў, што камэнтары Остына, якія заклікаюць да паслабленьня Расеі, былі незвычайна моцнымі для міністра абароны ЗША. Паводле яго, адна справа дапамагчы Ўкраіне супрацьстаяць расейскай агрэсіі, і зусім іншая — гаварыць аб паслабленьні ваенных магчымасьцяў Расеі.
«Візыт ва Ўкраіну Энтані Блінкена і Лойда Остына цалкам адпавядаў чаканьням. Бачная дэманстрацыя падтрымкі. Абвяшчэньне аб хуткім вяртаньні амэрыканскіх дыпляматаў ва Ўкраіну. Абяцаньне большай вайсковай дапамогі. Але найбольшую ўвагу прыцягнуў камэнтар Остына аб паслабленьні Расеі. Гэта дзіўнае выказваньне для міністра абароны ЗША. Ён мог, вядома, мець на ўвазе заходнія санкцыі, якія падрываюць расейскую ваенна-прамысловую базу. Ці ж міністар абазначыў новыя ваенныя мэты Захаду? Ці можна разумець ягоныя словы так, што зацяжная вайна на Ўкраіне можа быць карыснай? Ня ўсе заходнія саюзьнікі пагодзяцца з пазыцыяй Лойда Остына і ягонай шчырасьцю», — мяркуе дыпляматычны карэспандэнт ВВС Джэймс Лэндэйл.