Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мой сьвет зьнішчыла расейская ракета». Адэсіт расказаў, як страціў ад абстрэлу трохмесячную дачку, жонку і яе маці


Руйнаваньні ад расейскага абстрэлу ў Адэсе, красавік 2022
Руйнаваньні ад расейскага абстрэлу ў Адэсе, красавік 2022

Адэсіт Юры Глодан пачуў пра выбух у доме, у якім жыў разам з жонкай, трохмесячнай дачкой і маці жонкі, калі выйшаў з крамы. Вярнуўся і пачаў патрабаваць ад паліцыі пусьціць яго ў кватэру. Там ён знайшоў целы жонкі і яе маці, а цела дачкі знайшлі пазьней ратавальнікі.

Гібель трох пакаленьняў адной сям’і выклікала шок і абурэньне ва Ўкраіне, грамадзяне якой ужо загартаваліся цягам двух месяцаў вайны.

У нядзелю Юры вярнуўся ў разбураны будынак, каб пабачыць, што можна ўратаваць з кватэры. Фотаальбомы, жончына калекцыя цукровых пакецікаў, рукапісныя нататкі. Дзіцячы вазочак быў разарваны на шматкі.

«Калі я пакіну гэтыя рэчы ў кватэры, яны стануць сьмецьцем, і людзі яго выкінуць. Я хачу захаваць гэта для ўспамінаў», — сказаў ён у інтэрвію BBC.

Яны былі разам з жонкай Валерыяй дзевяць гадоў.

«Яна магла знаходзіць радасьці ва ўсім. Адэса была яе любімым горадам. Яна працавала ў PR і магла кантактаваць зь вялікай колькасьцю людзей, разумець іх. Я захапляўся тым, як добра яна піша», — расказаў Юры.

«Яна была цудоўнай маці, сяброўкай, з усімі найлепшымі якасьцямі. Такую, як Валерыя, я не змагу знайсьці. Яна была ідэальнай. Таму такога чалавека можна знайсьці толькі аднойчы ў жыцьці. Гэта падарунак ад Бога», — дадаў ён.

Іхная дачка Кіра нарадзілася ў канцы студзеня, усяго за месяц да пачатку вайны. Празь некалькі тыдняў пасьля нараджэньня дачкі Валерыя напісала ў Instagram, што дасягнула «новага ўзроўню шчасьця».

«Гэта былі найлепшыя 40 тыдняў, — напісала яна пра сваю цяжарнасьць. — Ужо месяц нашай дзяўчынцы».

Юры паказаў журналістам на сваім тэлефоне фатаздымкі Кіры, якія яму дасылала жонка.

«Мы былі вельмі шчасьлівыя, калі яна нарадзілася. Я быў у радзільным доме, калі яна нарадзіла. Мне вельмі цяжка цяпер усьведамляць, што маёй дачкі і жонкі ўжо няма. Увесь мой сьвет учора зьнішчыла расейская ракета», — сказаў мужчына.

Ён хоча, каб увесь сьвет даведаўся пра тое, што адбылося зь ягонай сям’ёй.

«Тое, што адбываецца, — гэта гора для маёй сям’і, для нашага гораду, для Ўкраіны, гэта гора для ўсёй цывілізацыі. Я спадзяюся, што наша гісторыя дапаможа спыніць гэтую вайну», — дадаў Юры.

Калі журналісты сыходзілі, Юры прапанаваў ім узяць з сабой дзіцячыя падгузьнікі, якія ён змог выцягнуць з кватэры.

«Калі ласка... Вазьміце іх. Аддайце на дабрачыннасьць. Мне яны больш не патрэбныя», — сказаў мужчына, які страціў усю сваю сям’ю ў Адэсе пасьля яе абстрэлу расейскімі войскамі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG